У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжна-дакументальная выстава “Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў вядучага метадыста сектара арганізацыі кніжных выстаў аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Надзеі Кірчанка, выстава складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў.
“Вельмі хацелася, каб на выставе была магчымасць не толькі ўбачыць унікальныя дакументы і зборнікі, а пачытаць творы Кандрата Крапівы. Таму ў кожным раздзеле ёсць паштоўкі з фрагментамі баек. Мэта выставы – натхніць наведвальнікаў, каб яны захацелі купіць і прачытаць творы майстра беларускага слова, каб мы ўсе разам успомнілі яго творы, усю тую спадчыну, якую ён нам пакінуў. Бо яна не страціла сваёй актуальнасці”, – адзначыла Надзея Кірчанка.
У кожным з раздзелаў выставы ёсць свае ўнікальныя экспанаты. Так, у першым раздзеле “У пошуках сваёй дарогі” наведвальнікі змогуць убачыць унікальны здымак 1923 года, дзе Кандрат Крапіва паказаны са сваімі калегамі па пісьменніцкім цэху. На экспазіцыі размешчаны і першы нумар дзіцячага часопіса “Вожык” (1945) пад рэдакцыяй вялікага майстра слова. З ліку рэдкіх матэрыялаў – нарыс “Слова да малодшых” (1933), у якім Кандрат Крапіва звяртаецца да тых, хто толькі пачаў пісьменніцкую дзейнасць.
“У гэтым раздзеле размешчаны артыкул “Паэт-камандзір” 1920 года. Гэта толькі пачатак шляху пісьменніка, а аўтары артыкула ўжо адзначаюць, што Кандрат – прыродны самародак, у яго выдатна атрымліваецца пісаць фельетоны”, – расказвае Надзея Кірчанка.
У раздзеле “Творы вялікай жыццёвай праўды” дэманструюцца прыжыццёвыя выданні народнага пісьменніка Беларусі. Самыя каштоўныя экспанаты – першыя зборнікі сатыры Кандрата Крапівы “Асцё” (1925) і “Крапіва” (1925) з алегарычным вершам “Крапіва” (1922), які даследчыкі называюць яго паэтычнай дэкларацыяй. Таксама прадстаўлены раман “Мядзведзічы” (1932). “Другую частку рамана Кандрат Крапіва так і не напісаў, але першая ўвайшла ў гісторыю літаратуры як прыклад выдатнай прозы”, – падкрэсліла вядучы метадыст.
У экспазіцыі прадстаўлена і першае выданне драмы “Канец дружбы” (1934). Гэты твор каштоўны тым, што пасля яго напісання Кандрат Крапіва нараджаецца як драматург. “Ніводны тэатральны сезон у Мінску ў той час не абыходзіўся без спектакляў паводле п’ес Кандрата Крапівы. Аб гэтым мы можам меркаваць з праграм на старонках часопіса “Театральный Минск”, які таксама прадстаўлены на выставе”. Яго камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939) лічыцца адной з лепшых у еўрапейскай камедыяграфіі ХХ ст. “Наведвальнікі выставы змогуць убачыць унікальныя фотаздымкі са спектакля тых даўніх дзён”, – расказала Надзея Кірчанка.
Раздзел “Плённасць перакладчыцкай працы” прадстаўляе Кандрата Крапіву як перакладчыка твораў Астроўскага, Гашака, Гогаля, Крылова, Чэхава, Шаўчэнкі і Шэкспіра на беларускую мову.
Кандрат Крапіва быў не толькі сатырыкам, але і вучоным, стваральнікам слоўнікаў: руска-беларускага, беларуска-рускага, склаў дыялектычны атлас Беларусі. Яго рабоце ў Акадэміі навук прысвечаны раздзел экспазіцыі “Гартаванне беларускага слова”.
Работы даследчыкаў Д.Бугаёва, І.Казекі, У.Карабана, С.Лаўшука, А.Сабалеўскага, А.Семяновіча, Я.Усікава і іншых прадстаўлены ў раздзеле “Яшчэ раз пра Кандрата Крапіву: даследаванні”.
Аб узнагародах і ўвекавечанні памяці народнага пісьменніка расказваюць копіі дакументаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У гэтым раздзеле наведвальнікі выставы змогуць убачыць і запіс у метрычнай кнізе аб нараджэнні будучага майстра беларускага слова.
“Кандрат Крапіва пражыў больш за сто гадоў. Гэта было доўгае і напоўненае жыццё. Ён – неверагодная фігура ў беларускай культуры і гісторыі. Кандрат Атраховіч (такое яго сапраўднае прозвішча. – Заўвага БЕЛТА) вельмі шмат зрабіў для развіцця нашай роднай мовы. Ён сапраўды быў апантаны ўсёй той разнапланавай дзейнасцю, якой прысвяціў усё сваё жыццё. Гэта прыклад мэтанакіраванага чалавека, які знаходзіўся ў рабоце ад пачатку свайго жыцця і да самага яго канца. Неверагодна, колькі ўсяго асаблівага можна знайсці ў яго творчасці”, – рэзюмавала Надзея Кірчанка.
Выстава прадоўжыцца да 10 мая. Для ўсіх жадаючых у Нацыянальнай бібліятэцы змогуць правесці тэматычную экскурсію.