Выстаўка “Доўгія дарогі вайны”

З 11 красавіка ў Сенатарскай зале Новага замка працуе выстаўка “Доўгія дарогі вайны”, прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Ю. Х. Караеў, намеснік кіраўніка вобласці В. Ф Пранюк, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А. В. Клімовіч.

У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены прадметы з фондаў музея. Некаторыя з экспануемых карцін былі адрэстаўраваны музейнымі мастакамі-рэстаўратарамі спецыяльна для выстаўкі.

Аўтарамі мастацкіх палотнаў з’яўляюцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: І. Пушкоў, К. Пятроў, М. Чэчын, А. Захараў і іншыя.

Асаблівую цікавасць уяўляюць таксама шматлікія экспанаты, якія паступілі ў музейны збор за апошнія дзесяцігоддзі: асабістыя рэчы, дакументы і фатаграфіі падпольшчыкаў і партызан В. Соламавай і Я. Баркунова, матэрыялы, прысвечаныя 3-му гвардзейскаму кавалерыйскаму корпусу (фотаальбом удзельніка вызвалення горада Гродна Д. Вадзінскага).

Асобны комплекс матэрыялаў, прысвечаны Маршалу Савецкага Саюза В. Д. Сакалоўскаму. Некаторыя прадметы паступілі ў музейны фонд у пачатку 2025 года, яны былі перададзены ўнукам маршала Сяргеем Яўгенавічам Сакалоўскім.

Частка экспанатаў прысвечана гродзенцам Аляксею Карпюку і Хайкелю Паесу – удзельнікам штурма Берліна. Сярод экспанатаў прадстаўлены ўзнагароды, фотаздымкі баёў, карта горада Берліна.

Час працы выстаўкі: 10.00 – 18.00 (выхадны – панядзелак).

Экскурсіі па выстаўцы праводзяцца па папярэднім запісе па тэлефоне 71  86  95 (аддзел найноўшай гісторыі).

Уваходны білет – 3 руб.

Экскурсія – 25 руб. (на групу да 25 чалавек).

Подробнее Предварительная запись