Ліст з фронту да Кавальчык Домны Іванаўны

Ліст з фронту радавога Варца Георгія да сваёй жонкі Домны, датаваны 2 красавіка 1945 года. Напісаны на рускай мове чарнілам. З ліста зразумела, што Георгій Варац непісьменны, таму ліст па яго просьбе піша аднапалчанін. Георгій дзякуе за атрыманыя лісты ад жонкі і кума і спадзяецца, што ліст дачка Тася напісала сама і просіць жонку, каб дачка хадзіла ў школу, бо кепска быць неадукаваным, што яму самому даводзіцца штораз прасіць, каб нехта напісаў ліст. Чырвонаармеец паведамляе, што ён жывы і здаровы, чаго і жадае жонцы і дзецям, паўтараючы гэта некалькі разоў, перадае паклон усім сваякам і знаёмым. У пісьме Георгій просіць, каб жонка і дзеці пісалі яму падрабязна, як жывуць і ці хапае ім хлеба. Георгій Варац паведамляе, што ўкладвае ў ліст 30 злотых і запытвае ў жонкі ці атрымала 25 злотых, якія ён высылаў раней. Цікавіцца, ці ходзяць злотыя, як не, то і не будзе высылаць грошы.