Ліст-трохкутнік Кашко Ганне Філіпаўне

Ліст з фронту Кашко Міхаіла Філіпавіча у вёску Вялікія Краглі да сваіх родных: маці, сясцёр і братоў Паўла і Канстанціна, іх жонак і дзяцей, хросных сыноў Вані і Шуры, сястры Веры. Тэкст напісаны на рускай мове, алоўкам. На знешнім баку ліста прастаўлены штампы палявой пошты і паштовага аддзялення Дзятлава, а таксама штамп “ПРОСМОТРЕНО Военной Цензурой 00215”.
У лісце Міхаіл Філіпавіч звяртаецца да маці і сястры Веры, каб не крыўдзіліся, што мала піша. Распавядае аб фарсіраванні ракі Одэр і аб тым, што загінулі землякі. Што сам ён 11 лютага быў паранены і зараз знаходзіцца ў шпіталі. Паведамляе, што за фарсіраванне ракі Одэр атрымаў падзяку.

Ліст-трохкутнік Янісона Генадзя Андрэевіча

Ліст з фронту Янісона Генадзя Андрэевіча да сваёй маці Янісон Ефрасінні Рыгораўны. Адрасаваны ў г. Златавуст Чалябінскай вобласці.

Аўтар ліста звяртаецца да маці, якой шле сардэчнае прывітанне з фронту і жадае ўсяго найлепшага. Піша, што жывы і здаровы, жыве добра, кормяць выдатна, даюць па сто грам да абеду. Паведамляе, што ўчора (заўвага рэд. 1943/07/25) паслаў ёй пераводам 100 рублёў, ад брата Жорыка атрымаў ліст, на які ўжо адказаў.