Ліст з фронту да Кавальчык Домны Іванаўны

Аўтар: Варац Георгій Андрэевіч

Месца і дата стварэння: 1945/04/02

Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 000147

Назва музея: Дзяржаўная ўстанова культуры «Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”».

Апісанне і гісторыя прадмета:

Ліст з фронту радавога Варца Георгія да сваёй жонкі Домны, датаваны 2 красавіка 1945 года. Напісаны на рускай мове чарнілам. З ліста зразумела, што Георгій Варац непісьменны, таму ліст па яго просьбе піша аднапалчанін. Георгій дзякуе за атрыманыя лісты ад жонкі і кума і спадзяецца, што ліст дачка Тася напісала сама і просіць жонку, каб дачка хадзіла ў школу, бо кепска быць неадукаваным, што яму самому даводзіцца штораз прасіць, каб нехта напісаў ліст. Чырвонаармеец паведамляе, што ён жывы і здаровы, чаго і жадае жонцы і дзецям, паўтараючы гэта некалькі разоў, перадае паклон усім сваякам і знаёмым. У пісьме Георгій просіць, каб жонка і дзеці пісалі яму падрабязна, як жывуць і ці хапае ім хлеба. Георгій Варац паведамляе, што ўкладвае ў ліст 30 злотых і запытвае ў жонкі ці атрымала 25 злотых, якія ён высылаў раней. Цікавіцца, ці ходзяць злотыя, як не, то і не будзе высылаць грошы.

Ліст завяршаецца словамі “… дорогая моя жена и также мои детки просите господа Бога чтоб я вернулся жив и здоров до дому и увидется с вами и пожить ещо с вами вместе счасливо и затем поздравляю вас с празником Пасхой Христовой желаю вам весело и счасливо празнавать светло воскресеніе Христово а я буду може где в окопе празновать ну Бог дасть кончится война тогда я буду празновать затем досвидание больше писать нечего некогда”.

Варац Георгій Андрэевіч: нарадзіўся ў 1907 годзе. Перад Вялікай Айчыннай вайной з жонкай і 4-ма дзецьмі жыў у в. Рагозніца, Мастоўскага раёна, Гродзенскай вобласці. Месца службы – 313 стралковая Петразаводская Двойчы Чырвонасцяжная ордэна Суворава дывізія, кулямётчык. Загінуў у баі 5 мая 1945 года. Месца пахавання: Польшча, Шчэцінскае ваяводства, павет Каменьскі, в. Ярмба.