Аўтар: Кухта Фёдар
Месца і дата стварэння: 1944/03/08
Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 114799
Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”
Апісанне і гісторыя прадмета:
Ліст з фронту старшага сяржанта Фёдара Кухты да сваёй знаёмай Каранцэвіч Людмілы Георгіеўны. Адрасаваны ў школу с. Сямёнаўка Ісык-Кульскага раёна Кіргізскай ССР. Ліст напісаны 8 сакавіка 1944 г., старшы сяржант Ф. Кухта віншуе з Міжнародным жаночым днём сваю знаёмую Людмілу Георгіеўну. З ліста становіцца зразумелым, што гэта настаўніца з Ленінграда, якая эвакуявалася са сваімі дзецьмі ў Кіргізію і працуе ў школе с. Сямёнаўка Ісык-Кульскага раёна. Фёдар Кухта піша, што яе ліст ад 11 лютага атрымаў. Далей апісвае свае службовыя абавязкі ў зенітнай батарэі, знаходзіцца на начным дзяжурстве, усё ціха, таму можа напісаць ліст. Піша, што родныя мясціны (маецца на ўвазе Ровенская вобл. Украінскай ССР), вызвалілі ўжо, напісаў туды лісты, адказу пакуль няма. Фёдар Кухта перадае прывітанне знаёмым і школьнаму калектыву.
Кухта Фёдар Філіпавіч нарадзіўся 20.03.1920 г. у с. Сіманаў Гошчанскага раёна Ровенскай вобл. Украінскай ССР. Паляк. Партыйны. У РСЧА з 1939 г. Паступіў на службу: 27.09.1940 г. Пачаў вайну ў званні капітана, служыў у 733 зенітна-артылерыйскім палку Арлоўскай ваеннай акругі. Скончыў Ваенна-палітычнае вучылішча імя Фрунзэ (г. Горкі). З 1942 г. на Варонежскім і 1 Беларускім франтах. Намеснік палітрука ў 254 зенітна-артылерыйскім палку. Кантужаны ў 1942 г., 03.10.1942 г. выбыў на пабыўку ў Ісык-Кульскі раён Кіргізскай ССР. З 1944 г. старшы сяржант, лейтэнант, камандзір агнявога ўзвода 3 батарэі 1 асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна 1-й Арміі Войска Польскага.
У 1963-65 гг. працаваў дырэктарам сярэдняй школы № 29 г. Бішкек.
Узнагароды: медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.
Подзвіг: 08.04.1944 г. Падчас налёту варожай авіяцыі на станцыю Дарніца і на эшалон 1-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна, які знаходзіўся на станцыі, старшы сяржант Кухта, не звяртаючы ўвагі на моцныя пажары ў эшалонах і разрывы снарадаў, мужна выносіў параненых байцоў і камандзіраў з зоны дзеяння асколкаў снарадаў. Вынес з поля бою пяць байцоў. Акрамя таго ён прымаў актыўны ўдзел у выгрузцы бочак з бензінам з палаючых вагонаў.
Прадмет перадаў у музей Каючкін Віталій Яўгенавіч, грамадзянін Рэспублікі Кыргызстан, які пражывае ў нямецкім горадзе Гедэрн. Ліст быў набыты В.Я. Каючкіным на антыкварным рынку ў Германіі.