Аўтар: Белікава Ганна Васільеўна
Месца і дата стварэння: РСФСР, Чкалаўская вобласць, Саракташскі раён, станцыя Саракташ, 1942/07/26
Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 114801
Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”
Апісанне і гісторыя прадмета:
Ліст Белікавай Ганны Васільеўны да начальніка ваеннага шпіталя ў г. Ульянаўск з просьбай паведаміць пра яе мужа – чырвонаармейца Белікава Паўла Сямёнавіча, які лячыўся ў шпіталі, у сувязі з тым, што яе лісты вяртаюцца назад.
Белікаў Павел Сямёнавіч нарадзіўся ў 1905 г. у с. Пятроўскае Саракташскага раёна Чкалаўскай (Арэнбургскай) вобл. Рускі. У РСЧА з ліпеня 1941 г. Прызваны Саракташскім РВК Чкалаўскай вобл. На фронце з 19.11.1942 г. Чырвонаармеец, радавы, тэлефаніст артылерыйскага дывізіёна 9 гвардзейскай механізаванай брыгады. Быў паранены. Апошняе месца службы: п/п 28368. З 6 кастрычніка1944 г. лічыцца прапаўшым без вестак.
Узнагароды: медаль «За абарону Сталінграда», медаль «За адвагу», ордэн Чырвонай Зоркі.
Подзвігі: 1943 г. Белікаў П.С. у баях за Радзіму паказаў сябе смелым і адказным воінам. У баях пад ст. Чулакоўка, в. Яноўшчына, х. Анадскі, с. Дзеньгі забяспечваў дывізіёну бесперабойную сувязь з пяхотай. Не звяртаючы ўвагі на абстрэл і бамбёжкі, аднаўляў перарваную лінію, чым забяспечыў упраўленне агнём дывізіёна. У баях на правым беразе р. Днепр пад ураганным агнём праціўніка забяспечыў сувязь з камандзірам батальёна, пад бясконцымі абстрэламі абслугоўваў лінію сувязі.
28.07.1944 г. пад ураганным агнём праціўніка Белікаў П.С. праклаў драцяную сувязь, якую неаднойчы рвала снарадамі і бомбамі праціўніка, у 2-ю батарэю. Белікаў, не шкадуючы свайго жыцця, імгненна ліквідаваў усе парывы і не дапусціў ніводнага выпадку перарываў упраўлення агнём.
29.07.1944 г. пад кулямётным агнём па адкрытай мясцовасці Белікаў П.С. праклаў сувязь у стралковы батальён, які вёў бой на ўскраіне горада, чым забяспечыў своечасовую падтрымку агнём батальёна і выкананне пастаўленай задачы.
Прадмет перадаў у музей Каючкін Віталій Яўгенавіч, грамадзянін Рэспублікі Кыргызстан, які пражывае ў нямецкім горадзе Гедэрн. Ліст быў набыты В.Я. Каючкіным на антыкварным рынку ў Германіі.