У Музеі Максіма Багдановіча з 30 жніўня працуе выстаўка «Напісанае застаецца», прымеркаваная да дзяржаўнага свята – Дня беларускага пісьменства, якое адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.
Па традыцыі свята праводзіцца ў розных гарадах – гістарычных цэнтрах асветы, нацыянальнай культуры і літаратуры. У 2023 годзе юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў раённым цэнтры Гарадок Віцебскай вобласці.
На выстаўцы ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі, прысвечаныя даследаванню жыцця і творчасці Францыска Скарыны – беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, асветніка-гуманіста, пісьменніка, перакладчыка і выдаўца кніг Бібліі:
- «450 год беларускага кнігадрукавання» (1968),
- «Слова Скарыны» (1984),
- «Напісанае застаецца» (1982),
- «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983); а таксама выданні твораў М. Гусоўскага «Песня пра зубра» (1981, 1998), Цёткі (А. Пашкевіч) «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (1992), С. Паўловіча «Першыя зарняткі. Беларуская граматыка для хатняга навучання» (1936), Б. Тарашкевіча «Беларуская граматыка для школ» (1929), асобныя нумары часопіса «Заранка» (1927-1929).
Цікавасць уяўляюць паштоўкі з камплекту «Гравюры Францыска Скарыны» (1989), закладка «Ex Libris Мікола Гусоўскі» (1981), рэпрадукцыя «Скарына ў друкарні» з карціны Л. Рана, чарніліца (1920-1930), прыбор пісьмовы (1970-я).
- Запрашаем на выстаўку!
- Кошт – 10 капеек!
- Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.