З 21 кастрычніка 2023 г. у Музея гісторыі Гарадніцы дзейнічае выстаўка “Падвойныя дываны”, якая створана да юбілейнай даты – да 110-годдзя з дня нараджэння ткачыхі Ядвігі Аўгустаўны Райскай (1913–2003 гг.) з вёскі Адэльск Гродзенскага раёна.
Экспазіцыя выстаўкі дэманструе адну з унікальных тэхнік традыцыйнага беларускага тэкстылю – падвойнае ткацтва. У цэнтры экспазіцыі прадстаўлены падвойныя дываны Я. А. Райскай, вытканыя ў 1939, 1940, 1950, 1965, 1971, 1986 гадах, якія захоўваюцца ў этнаграфічных зборах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Назва “падвойныя” вынікае з асаблівасцей ткацкай тэхналогіі. Характэрнай рысай дываноў з’яўляецца абсалютна ідэнтычны, толькі розны па колеры малюнак з абодвух бакоў, выкарыстоўванне только воўны і абавязкова 2-колернай асновы. Ткаліся дываны на шырокіх кроснах і характарызаваліся наяўнасцю шырокага дэкаратыўнага бардзюра.
Я. Райская займалася ткацтвам з дзіцячага ўзросту, а ў канцы 1930-х гг. вучылася падвойнаму ткацтву ў рамесніцкай майстэрні дываноў у Саколцы ў Браніславы Яцкевіч. Усё жыццё тканне дываноў для Я. Райскай было асноўным заняткам і спосабам заробку. Майстрыха кожны год за зіму ткала да 10 дываноў на замову, выкарыстоўвала толькі хатнюю пражу з авечай воўны, умела ткаць 12 узораў дываноў. З 1950-х гадоў супрацоўнічала з Гродзенскім домам народнай творчасці і неаднаразова прымала ўдзел у выставах народнага мастацтва.