Прадметы побыту, адзенне і мастацтва народаў Камчацкага краю прадстаўлены на выставе ў Мінску

Вярнуцца да навін
19 май

Прадметы побыту, традыцыйнае адзенне і мастацтва народаў Камчацкага краю прадстаўлены на выставе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Выстава “Амто, Каракія!” з прыватнай калекцыі Людмілы Каюравай (Расійская Федэрацыя) праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Камчацкага краю РФ.

Выстава пазнаёміць гасцей і жыхароў горада з надзвычай яркай, самабытнай і ўнікальнай матэрыяльнай культурай карэнных нешматлікіх народаў Поўначы, якія пражываюць на тэрыторыі Камчацкага краю.

На ёй прадстаўлены разнастайныя бытавыя, этнаграфічныя і рытуальныя прадметы, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкаканыя з футра паўночнага аленя, нерпы, маржа, скуры і бісеру, у традыцыйнай манеры разьбы і гравіроўкі па косці, марковых іклах і дрэве, а таксама работы самабытных каракскіх мастакоў.

Таксама можна ўбачыць традыцыйнае адзенне, абутак і паясы паўночных народаў. Сярод экспанатаў – сапраўныя рарытэты: каракскі жаночы кроільны нож, калекцыя ўнікальных жаночых сумак для рукадзелля з лапак дзікіх гусей, лебедзя, качак, рыбінай скуры, мужчынскія каракскія і эвенскія кісеты і табакерка, старажытны касцяны грэбень, рытуальныя скураныя акуляры, радавое кап’ё і многія іншыя прадметы паўночнага побыту.

Наведвальнікі выставы могуць даведацца пра дзіўную прыроду Камчацкага паўвострава, жыццё карэнных паўночных народаў, асаблівасці іх качавога і аселага жыцця, аленегадоўлю, ездавых сабак, вераванні і звычаі.

Выстава прадоўжыцца да 13 жніўня.

Людміла Каюрава нарадзілася і вырасла ў Палане – адміністрацыйным цэнтры Каракскай аўтаномнай акругі. Скончыла юрыдычны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мае вышэйшы кваліфікацыйны клас “Заслужаны юрыст Расійскай Федэрацыі”. Калекцыянаваннем твораў мастацтва і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва займаецца з 1980-х гадоў. Праект “Амто, Каракія!” у 2011 годзе адзначаны спецыяльным дыпломам IV Маскоўскага міжнароднага фестывалю дэкаратыўнага мастацтва “Знакі роднай зямлі”.