Новы замак

Новы замак

Будаўніцтва новага палацавага комплексу было задумана Аўгустам ІІ, каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Палац у Гродне павінен быў стаць каралеўскай рэзідэнцыяй і месцам правядзення генеральных соймаў Рэчы Паспалітай. Але пабудаваны ён быў пазней, пры Аўгусце ІІІ.

Праект палацавага комплексу быў распрацаваны Карлам Фрыдрыхам Пёпельманам, прыдворным архітэктарам з Дрэздэна. Будаўніцтва доўжылася з 1737 па 1742 год.

Галоўны корпус у выглядзе літары «П» ствараў вялікі парадны ўнутраны двор – курданёр. Сам будынак быў суразмерным і велічным, вытрыманым у стылі ракако. Фасады былі ўпрыгожаны пілястрамі, картушамі з маскамі, лепкай розных форм. Маляўнічасць будынка ўзмацняла спалучэнне насычанага цагельнага колеру дахоўкі і бела-ружовых фасадаў.

Галоўны ўваход вёў у вялікую Залу Варты, упрыгожаную фрэскавым роспісам. Побач знаходзіліся першая прыёмная караля (Авальная зала), Сенатарская і Пасольская залы. Усе яны былі багата аздоблены ляпнымі картушамі і ракайлямі, фрэскавай імітацыяй архітэктурных дэталяў. Каралеўскія апартаменты знаходзіліся ў правым крыле палаца, а ў левым – памяшканні для прыдворных, слуг, варты.

Парадны двор замыкалі два аднапавярховыя будынкі – кардэгардыя і пякарня. Паміж імі захаваліся да нашых дзён у першапачатковым выглядзе агароджа і ўяздныя вароты, пілоны якіх завяршаюць скульптуры міфічных істот – сфінксаў з пухлымі пуці. Слупы агароджы ўвенчаны шлемамі з вайсковай атрыбутыкай.

Паколькі палац быў узведзены насупраць Старога замка, былой рэзідэнцыі каралей, з цягам часу за ім замацавалася назва Новы замак.

Пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім у палацы былі праведзены вялікія рамонтныя работы пад кіраўніцтвам Джузэпе Сака, прыдворнага архітэктара з Італіі, і дэкаратара Шымона Манькоўскага. Інтэр’еры былі перароблены ў стылі класіцызму.
Першы генеральны сойм Рэчы Паспалітай у новым палацы сабраўся ў 1744 г. У 1793 г. тут адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, на якім быў зацверджаны другі падзел дзяржавы.

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання, 30 кастрычніка 1794 года, яго кіраўнік Тадэвуш Касцюшка правёў у гродзенскім каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.

Тут у 1795 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаў акт адрачэння ад прастола. Рэч Паспалітая была канчаткова падзелена паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. У сярэдзіне лютага 1797 г. па загадзе расійскага імператара Паўла І Панятоўскі выехаў з Гродна ў Санкт-Пецярбург.

Палац перайшоў да ваеннага ведамства Расійскай Імперыі. Спачатку тут месціўся кадэцкі корпус, а пасля ваенны шпіталь. У сярэдзіне 19 ст. у палацы быў зроблены вялікі рамонт, Авальную і Пасольскую залы перарабілі на некалькі памяшканняў.

Будынак быў моцна пашкоджаны падчас баёў за горад у 1944 г. Аднаўленнем палаца і прыстасаваннем яго пад адміністрацыйную ўстанову кіраваў архітэктар У. Вараксін.

У 1991 г. палац быў перададзены ўстановам культуры, яго галоўны корпус і левае крыло былі аддадзены музею. Памяшканні былі рэканструяваны ў анфілады экпазіцыйных залаў, а частка прыстасавана пад фондасховішчы.

Зараз у Новым замку працуюць пастаянныя экспазіцыі і часовыя выстаўкі.
▪️ Экспазіцыя “Новы замак. Падзеі і лёс” знаёміць з гісторыяй пабудовы Новага замка і значных падзеях, якія тут адбываліся.
▪️ Аб гісторыі Гродзеншчыны распавядаюць экспазіцыі “Старажытныя помнікі Панямоння”, “Гісторыя Гродзеншчыны ў XIX–XX стст.”, “Гродзеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
▪️ Мемарыяльная зала памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прысвечана ўраджэнцам Гродзеншчыны, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у Афганістане і іншых краінах.
▪️ Экспазіцыі “Сакральнае мастацтва”, “Захаваныя каштоўнасці”, “Зброя мінулых стагоддзяў” прадстаўляюць музейныя калекцыі ікон, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу, зброі.
▪️ Экспазіцыі “Жывёльны і раслінны свет Гродзеншчыны” і “Дзівосны свет прыроды” знаёмяць з прыродай нашага краю і экзатычнай фаўнай.
▪️ У Сенатарскай зале ладзяцца выстаўкі з фондаў нашага музея, іншых устаноў, прыватных калекцый.