Ліст-трохкутнік Семянякі Івана Іванавіча

Аўтар: Семяняка Іван Іванавіч

Месца і дата стварэння: Палявая пошта 07615.96, 1945/01/30

Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 114804

Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”

Апісанне і гісторыя прадмета:

Ліст з фронту Семянякі Івана Іванавіча да сваёй жонкі Надзеі Восіпаўны. Адрасаваны ў в. Вялікія Азяраны Галынкаўскага сельскага савета Вялікабераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці (цяпер у Беластоцкім ваяводстве Рэспублікі Польшча). Аўтар ліста звяртаецца да сваіх дзетак і жонкі, піша, што жыў і здароў, чаго і ім жадае, едзе ў цягніку ўжо дзясятыя суткі на Беласток, будуць ехаць на Бераставіцу, таму хацеў даць жонцы тэлеграму, каб прыехала на станцыю, але не ведаў дакладна, ці будзе цягнік праязджаць праз Бераставіцу. Перадае паклон усім родным і знаёмым, звяртаецца да сваіх дзетак, піша, як паглядзіць на фотакартку, то плача. Піша да жонкі, што вызвалілі Варшаву, ужо блізка каля Кёнігсберга.

Семяняка Іван Іванавіч нарадзіўся ў 1902 г. у в. Вялікія Азяраны Вялікабераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці Беларускай ССР (цяпер Беластоцкага ваяводства Рэспублікі Польшча). Беларус, беспартыйны, селянін. Прызваны 05.11.1944 г. Вялікабераставіцкім РВК Гродзенскай вобласці пасля вызвалення Бераставіччыны. Чырвонаармеец у 55-м запасным стралковым палку. Апошняе месца службы: 310 стралковая дывізія.

Узнагароды: медаль “За адвагу”.

Подзвіг: Санітар 9 стралковай роты 3 стралковага батальёна 1082 стралковага палка чырвонаармеец Семяняка І.І. у баях за горад Гдыню (Польшча) з 24.03.1945 г. па 27.03.1945 г. пад агнём праціўніка вынес з поля бою 20 параненых байцоў і афіцэраў з іх асабістай зброяй. 26.03.1945 г. быў паранены.

Памёр ад ран 01.04.1945 г. Першаснае месца пахавання: Усходняя Прусія (цяпер Польшча), в. Бішкавітц (цяпер Бешкавіцэ).

У 1948 г. у вёсцы Ленжыцэ (у Паморскім ваяводстве, у Вейхераўскім павеце, у гміне Вейхерава, недалёка ад Гдыні) былі створаны вайсковыя могілкі салдат Савецкай Арміі i I-й Варшаўскай танкавай брыгады імя Герояў Вестэрплятэ Войска Польскага. У брацкіх і адзіночных магілах пахаваны астанкі польскіх і савецкіх афіцэраў і салдат, якія загінулі ў сакавіку 1945 г. у баях за вызваленне Гдыні і Паморскага ваяводства Польшчы ў ходзе Усходне-Памеранскай аперацыі. У магілах знаходзіцца 4281 савецкі і польскі салдат, якія перапахаваны з навакольных мясцовасцей. Удалося ідэнтыфікаваць толькі 121 ваеннаслужачага.

Прадмет перадаў у музей Каючкін Віталій Яўгенавіч, грамадзянін Рэспублікі Кыргызстан, які пражывае ў нямецкім горадзе Гедэрн. Ліст быў набыты В.Я. Каючкіным на антыкварным рынку ў Германіі.