Аўтар: Карпюк Аляксей Нічыпаравіч
Месца і дата стварэння: 1945/03/19
Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 93592/121
Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”
Апісанне і гісторыя прадмета:
Ліст з фронту Карпюка Аляксея Нічыпаравіча да сваіх бацькоў. Аўтар паведамляе блізкім, што ён жывы, здаровы, вяртаецца ў сваю вайсковую часць пасля ранення, надвор’е цёплае, распускаецца бэз.
А.Н.Карпюк піша пра тое, што ўсе салдаты чакаюць апошняга ўдару па фашыстах і хуткай перамогі, каб вярнуцца дадому. Аляксей Нічыпаравіч просіць бацькоў, каб пісалі часцей і паведамлялі пра сваё здароўе.
Карпюк Аляксей Нічыпаравіч нарадзіўся 14 красавіка 1920 г. у в. Страшэва, Беластоцкага павета (цяпер Беластоцкае ваяводства, Рэспубліка Польшча). Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, франтавік, партызан. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы (канец 1942 года) быў арыштаваны і адпраўлены ў Беластоцкую турму, а адтуль – у канцлагер Штутгоф. Восенню 1943 года ўцёк з канцлагера і далучыўся да партызанскага атрада. У 1944 годзе стаў камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, які дзейнічаў на Гродзеншчыне. Асабіста пусціў пад адкос чатыры варожыя чыгуначныя саставы.
З 1 лістапада 1944 года служыў у шэрагах Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. З 1 студзеня 1945 года – наводчык 76-мм гарматы 756-га стралковага палка 150-й стралковай Ідрыцкай дывізіі 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту. Чырвонаармеец Аляксей Нічыпаравіч Карпюк удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Польшчы і Германіі.
У 1949 г. скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953). У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю “У адным інстытуце”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1953 г. Працаваў у Гродзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце “Гродзенская праўда” (1955-1957). У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1977-1981 гг. – дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў г. Гродна.
Памёр 14 ліпеня 1992 года, пахаваны на могілках па праспекце Касманаўтаў у г. Гродна.
У 2019 г. на доме па вул. Э.Ажэшкі, 49, дзе жыў Аляксей Нічыпаравіч Карпюк, усталявана мемарыяльная шыльда.
Узнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны I і II ступені, медалi “Партызан Айчыннай вайны I ступенi”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне”, “За ўзяцце Берлiна”.