Ліст-трохкутнік чырвонаармейца Рыгора Хіліманюка

Аўтар: Хіліманюк Рыгор

Месца і дата стварэння: Палявая пошта 48.709.0Н , 1945/03/24

Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 114800

Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”

Апісанне і гісторыя прадмета:

Ліст з фронту Хіліманюка Рыгора Гаўрылавіча да бацькі Хіліманюка Гаўрылы Васільевіча і родных. Адрасаваны ў Беластоцкую вобласць Бельскі раён в. Мора (цяпер у гміне Чыжы Гайнаўскага павета Падляскага ваяводства). Каляндарны паштовы штэмпель аб атрыманні адсутнічае, таму, хутчэй за ўсё, гэты ліст да адрасата не дайшоў.
Тэкст ліста напісаны на беларускай мове лацінкай. Рыгор Хіліманюк звяртаецца да бацькоў, жонкі і дачкі, піша, што жывы і здаровы, знаходзіцца ў Чырвонай Арміі, што вызвалены з нямецкага палону 10 сакавіка 1945 г. Апісвае, як цяжка яму прыйшлося ў апошнія два месяцы, немцы трымалі 5 дзён і 5 начэй, спаў на лёдзе ў заліве Балтыйскага мора, 4 дні не кармілі. Зараз служыць кулямётчыкам у Чырвонай Арміі, жыццё добрае. Просіць даслаць адказ, пяшчотна звяртаецца да жонкі «мая Галубка».

Хіліманюк Рыгор Гаўрылавіч нарадзіўся ў 1922 г. у в. Мора Бельскага раёна Беластоцкай вобасці Беларускай ССР (цяпер Падляскае ваяводства Гайнаўскі павет гміна Чыжы). Беларус, селянін, беспартыйны, скончыў 4 класы школы. Да акупацыі Беластоцкай вобласці нямецка-фашысцкімі захопнікамі займаўся сельскай гаспадаркай. Падчас акупацыі быў гвалтоўна вывезены на прымусовыя працы ў Германію. Трапіў у мястэчка Шпітэнен ва Усходняй Прусіі ў правінцыі Кёнігсберг (цяпер Бартошыцэ – цэнтр Бартошыцкага павета Вармінска-Мазурскага ваяводства Польшчы), да баўэра Вілітолька. 03.02.1945 войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Шпітэнэн і іншыя населеныя пункты. Сам Рыгор Хіліманюк у лісце піша, што вызвалілі яго 10.03.1945. Да мабілізацыі ў Чырвоную Армію знаходзіўся ў г. Пельплін у Заходняй Прусіі ў правінцыі Рэйхсгау Данцыг (цяпер горад на поўначы Польшчы, у Тчэўскім павеце Паморскага ваяводства).
Прызваны 16.03.1945 Бельскім РВК Беластоцкай вобласці, служыў у войсках 2-га Беларускага фронту. Чырвонаармеец, радавы стралок. З 18.03.1945 у 152 армейскім запасным стралковым палку, з 02.04.1945 у 326стралковай дывізіі.
Прадмет перадаў у музей Каючкін Віталій Яўгенавіч, грамадзянін Рэспублікі Кыргызстан, які пражывае ў горадзе Гедэрн. Ліст быў набыты В.Я. Каючкіным на антыкварным рынку ў Германіі.