Аўтар: Кузьміч Іван Мітрафанавіч
Месца і дата стварэння: 1944/10/29
Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 003329
Назва музея: Установа культуры “Іўеўскі музей нацыянальных культур”
Апісанне і гісторыя прадмета:
Ліст с фронту Кузьміча Івана Мітрафанавіча да сваіх бацькоў. Тэкст ліста на рускай мове, з арфаграфічнымі памылкамі, часта замест рускай літары “и” ужываецца беларуская “і”. На знешняй старонцы напісаны адрас: “БССР. Бранавіцка обл. / Юраціскаго раёна / Чапуньскаго селсавета / дерэвня Чапунь / палучыць / Кузмічу / Мітрфану”. Злева штэмпель палявой пошты з датай “27.10.44” і штамп “Просмотрено Военной цензурой 01440».
У лісце Кузьміч Іван паведамляе бацькам, што жывы і здаровы. Просіць аднавіць і выслаць яму згубленыя дакументы, якія пацвярджаюць яго знаходжанне ў партызанскім атрадзе. Шле прывітанне бацькам, сёстрам Ніне і Ануце, сваёй цётцы Мальвіне, брату Равлуку, Янкоўскаму Фёдару і ўсім знаёмым і сваякам. Паведамляе сястры Ніне, што дашле ёй сваю “памяць” (хутчэй за ўсё маецца на ўвазе фотаздымак).
Кузьміч Іван Мітрафанавіч нарадзіўся ў 1924 годзе ў в.Чапунь Лугамавіцкай гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы (цяпер Іўеўскі раён) ў сям’і селяніна. Скончыў 2 класы. З 15 кастрычніка 1943 года па 10 ліпеня 1944 года баец партызанскага атрада імя Чкалава брыгады “Уперад”. Падрываў варожую тэхніку, шашэйныя і чыгуначныя дарогі, удзельнічаў у разгроме нямецкіх гарнізонаў у в. Лугамавічы і в. Ізабеліна. 10 ліпеня 1944 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Ваяваў у складзе 18-га армейскага запаснога стралковага палка. Знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі для лёгкапараненых № 2529, з якога 18.02.1945 выбыў у 5-ю стралковую Арлоўскую ордэна Леніна Чырванасцяжную ордэнаў Суворава і Кутузава дывізію 40-га стралковага корпуса.
21.02.1945 загінуў у баі пры вызваленні в. Энгельсвальдэ ва Усходняй Прусіі. Пахаваны ў в. Энгельсвальдэ. Перапахаваны ў брацкай магіле на вайсковых могілках , г. Бранева (Рэспубліка Польшча).
Узнагароды:
Медаль «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.