Ліст-трохкутнік чырвонаармейца Скапца Міхаіла Мікалаевіча

Аўтар: Скапец Міхаіл

Месца і дата стварэння: 1944/10/08

Ідэнтыфікацыйны нумар: НД 000316

Назва музея: Дзяржаўная ўстанова культуры “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”

Апісанне і гісторыя прадмета:

Ліст з фронту радавога Скапца Міхаіла Мікалаевіча да сваёй жонкі Скапец Марыі Аляксандраўны, датаваны 8 кастрычніка 1944 года. Напісаны на рускай мове алоўкам на адрас: “БССР / Белостокская обл. / Крынковский район / п. Большая Берестовица / д. Берестовичаны / Скапец Марии Александровне”. На адвароце складзенага трохкутніка прастаўлены спецыяльны штэмпель “ПРОСМОТРЕНО Военной цензурой 24727”, побач стаіць штамп паштовай службы.

У лісце Міхаіл Мікалаевіч піша, што зараз едзе цягніком разам з баявымі сябрамі, праехаў Вялікія Лукі, што яны едуць каб канчаткова перамагчы фашызм. Паведамляе, што іх вельмі добра кормяць на станцыях, што добра пакуль яны ў дарозе, а што будзе далей – невядома.

Просіць перадаць пывітанне і пажаданне здароўя сястры Марыі і яе дочкам.

Скапец Міхаіл Мікалаевіч: нарадзіўся і жыў у вёсцы Бераставічаны. Пасля вызвалення Бераставіччыны, у жніўні 1944 года быў прызваны ў войска. Апошняе месца службы 91 гвардзейская стралковая дывізія. Загінуў 26.10.1944 у баі пры вызваленні населенага пункта Ёджэн ва Усходняй Прусіі. Перапахаваны ў брацкай магіле п. Дабравольск, Калінінградскай вобласці.