Ліст-трохкутнік Янісона Генадзя Андрэевіча

Аўтар: Янісон Генадзь Андрэевіч

Месца і дата стварэння: Палявая пошта 17884-Е, 1943/07/26

Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 4221

Назва музея: Установа культуры “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей”

Апісанне і гісторыя прадмета:

Ліст з фронту Янісона Генадзя Андрэевіча да сваёй маці Янісон Ефрасінні Рыгораўны. Адрасаваны ў г. Златавуст Чалябінскай вобласці.

Аўтар ліста звяртаецца да маці, якой шле сардэчнае прывітанне з фронту і жадае ўсяго найлепшага. Піша, што жывы і здаровы, жыве добра, кормяць выдатна, даюць па сто грам да абеду. Паведамляе, што ўчора (заўвага рэд. 1943/07/25) паслаў ёй пераводам 100 рублёў, ад брата Жорыка атрымаў ліст, на які ўжо адказаў.

Генадзь Андрэевіч піша таксама, што яго ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Звяртаецца да маці, каб напісала, як жыве, як у яе справы.

Янісон Генадзь Андрэевіч нарадзіўся ў 1922 г. у сяле Міхайлаў-Пагост Лакнянскага раёна Вялікалукскай вобласці (Калінінская вобласць, Ленінскі раён). Рускі, беспартыйны. Прызваны на фронт 15.07.1942 Златавустаўскім РВК, Чалябінскай вобласці. Праходзіў службу пры вайсковай частцы п/п 17884 “Е” у 309 танкавым батальёне 109 танкавай брыгады ў званні сяржанта (быў камандзірам башні танка). Загінуў на фронце, на Курска-Арлоўскай дузе 04.08.1943. Месца пахавання: в. Бельдзяжка Кромскага раёна Арлоўскай вобласці.

Узнагароды: медаль “За адвагу”.

Подзвіг: Падчас бою ў раёне с. Аляксандраўка Арлоўскай вобласці танкам пад камандаваннем камандзіра башні Янісона Г.А. былі знішчаны 2 цяжкія гарматы, 1 дрэва-земляная агнявая кропка  і да 30 салдат і афіцэраў праціўніка.