Ліст Іванюка Віталія Сямёнавіча

Аўтар: Іванюк Віталій Сямёнавіч

Месца і дата стварэння: Палявая пошта "49867 К", 1944/10/05

Ідэнтыфікацыйны нумар: КП 115600

Назва музея: Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”

Апісанне і гісторыя прадмета:


Ліст з фронту чырвонаармейца Іванюка Віталія Сямёнавіча да бацькоў адрасаваны ў г. Гродна, вул. Базыльянская, дом № 44. Аўтар ліста звяртаецца да сваіх бацькоў і просіць прабачэння, што так доўга не пісаў, сам ён жывы і здаровы. Пытае, як справы бацькоў, як жывуць яго жонка Маня і дзеці Генічак, Ірачка і Сонечка, якія навіны ў горадзе, цікавіцца, як жыццё яго сясцёр Веры, Жэні і Шуры, пытае, ці прызвалі брата Колю ў армію. Піша, што знаходзіцца недалёка ад бацькоў, праязджаў Беласток, едзе далей. Звяртаецца да маці з просьбай прыслаць курыльнай паперы, канвертаў і паперы для лістоў. Жадае здароўя бацькам. У лісце аўтар з вялікай павагай звяртаецца да бацькоў: «дорогие родители», «дорогие папаша и мамочка», «дорогой папочка».

Іванюк Віталій Сямёнавіч нарадзіўся ў 1915 г. у г. Гродна. Бацька Іванюк Сямён Ярамеевіч пражываў у г. Гродна, на вул. Базыльянскай (цяпер Лермантава), дом № 44. Іванюк В.С. з жонкай Марыяй Мікалаеўнай і дзецьмі пражываў у г. Гродна, на вул. Брыгіцкай (цяпер Карла Маркса), дом № 13. Пасля вызвалення г. Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. быў прызваны на фронт Гродзенскім РВК. Чырвонаармеец, стралок, ваяваў у 878 стралковым палку 290 стралковай дывізіі. На тэрыторыі Польшчы 18.01.1945 г. падчас бою быў паранены ў галаву, у гэты ж дзень памёр ад ран у адным са шпіталяў ПЭП-103 (палявога эвакуацыйнага пункта).

Пахаваны: Польшча, Варшаўскае (цяпер Мазавецкае) ваяводства, Астроўскі (цяпер Макоўскі) павет, вайсковыя могілкі, магіла № 2, у лесе паміж вёскай Лась (польск. Łaś) і г. Ружан (польск. Różan).

Перапахаваны: Польшча, Мазавецкае ваяводства, г. Макув Мазавецкі (польск. Maków Mazowiecki), могілкі воінаў Савецкай Арміі.

Могілкі воінаў Савецкай Арміі (польск. Cmentarz Wojenny Żołnierzy Radzieckich) — знаходзяцца ў г. Макув Мазавецкі на вул. Спартовай. Могілкі размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы горада. Гэты мемарыял — адзін з самых буйных у Польшчы. Яго плошча складае 3,1га. На цяперашні час у 50 індывідуальных і 614 брацкіх магілах пахавана 15 549 ваеннаслужачых Савецкай Арміі, загінулых у 1944-1945 гадах падчас баёў на тэрыторыі Макоўскага, Пшаснышскага і часткова Астроўскага паветаў. Эксгумацыя магіл, размешчаных на гэтай тэрыторыі, пачалася ў 1946 годзе і працягвалася да стварэння мемарыяла ў 1950-55 гг. Было ідэнтыфікавана 2 849 ваеннаслужачых. Апошняя ахвяра вайны была знойдзена недалёка ад вёскі Кшыжэва Барове (польск. Krzyżewo Borowe) Макоўскага павета і пахавана ў 2008 г.