Адкрыццё мерапрыемстваў у памяць 430-й гадавіны смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя

Вернуться к событиям
5 Декабрь

3 снежня ўрачыста адкрыліся мерапрыемствы ў памяць 430-й гадавіны смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя.

Ва ўрачыстым адкрыцці ўдзельнічалі афіцыйныя асобы Генеральны консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк і ганаровы консул Венгрыі ў Брэсце Сяргей Нядбайлаў. Мэр румынскага  горада Шымлеў Сільванія, дзе нарадзіўся Стэфан Баторый, даслаў удзельнікам мерапрыемстваў афіцыйны ліст.

У Гродна прыехалі сябры Фундацыі “Гусар”, узначальвае якую Барташ Седляр, а таксама прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Варшавы, Кракава, Любліна, Лодзі, Вроцлава і іншых гарадоў Польшчы. Сярод касцюмаў польскіх гусараў і шляхты выразна выдзяляўся касцюм шведскага воіна часоў трыццацігадовай вайны – прадстаўніка рэканструктараў з Чэшскай Рэспублікі.

Госці паказвалі баі на шаблях, гарцавалі на конях, прагульваліся са сваімі прыгожымі дамамі. Ахвотныя фатаграфаваліся з каларытнымі гусарамі, прымервалі шлемы, узважвалі ў руках гусарскія шаблі, самыя смелыя нават спрабавалі біцца на шаблях.

Наш музей падрыхтаваў выстаўку, на якой можна пабачыць дакументы, падпісаныя Стэфанам Баторыем, гістарычныя працы пра жыццё і ваенныя паходы славутага караля, а таксама выданні ХХ ст., прысвечаныя ўшанаванню памяці Стэфана Баторыя ў нашым горадзе.