Канферэнцыя “Каралеўскі Гродна. Матэрыяльная і духоўная культура”

Вернуться к событиям
30 Апрель

29 красавіка 2021 года ў музеі прайшла канферэнцыя “Каралеўскі Гродна. Матэрыяльная і духоўная культура”.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел навуковыя супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея – археолаг Наталля Кізюкевіч, гісторыкі Андрэй Вашкевіч, Аляксандр Хацько і Яўген Махнач, даследчыкі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Іван Спірын, Андрэй Вайцяховіч, Міхаіл Дорах, выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Уладзімір Ляўшук, спецыяліст у галіне гістарычных рэканструкцый Ігар Адасік, архітэктар Аляксандр Вашанаў, галоўны архітэктар праекта Алег Шымбарэцкі, аўтар праекта рэстаўрацыі Старога замка Уладзімір Бачкоў і іншыя.

Галоўная тэма большасці выступленняў – рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне.

Канферэнцыі, прысвечаныя Гродзенскім замкам, музей арганізоўвае амаль штогод, але сёлетняя была надзвычай актуальнай, паколькі ідуць да завяршэння работы на Першай чарзе рэканструкцыі Старога замка, ужо распачаліся і актыўна вядуцца комплексныя навуковыя даследаванні – археалагічныя, архіўныя і натурныя – на палацы Старога замка.

Задачай арганізатараў было садзейнічаць акумуляцыі навуковай інфармацыі, архіўных, археалагічных і выяўленчых крыніц аб гродзенскіх каралеўскіх замках, а таксама абмеркаваць ход і першасныя вынікі комплексных навуковых даследаванняў з мэтай выкарыстання сабранай інфармацыі і новых дадзеных у працэсе музеефікацыі замкаў.

Рэканструкцыя Старога замка выклікае вялікую цікавасць не толькі ў навукоўцаў, але і шарокай грамадскасці, таму абмеркаванні праходзілі пры перапоўненай зале. Кожнае паведамленне ўдзельнікаў канферэнцыі, якое тычылася рэстаўрацыі замка, выклікала вострую дыскусію.

Спадзяемся, што новыя звесткі з архіўных крыніц і дадзеныя археалагічных даследаванняў будуць улічаны і выкарыстаны аўтарамі праекта рэстаўрацыі Старога замка.

Комплексныя навуковыя даследаванні будуць працягвацца. Будзе і новая канферэнцыя.