Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Пясняр сугучнасці”

Вернуться к событиям
26 Май

У Музеі Максіма Багдановіча 25 траўня 2016 года адбылося літаратурна-музычнае мерапрыемства “Пясняр сугучнасці”, прымеркаванае да 99-й гадавіны памяці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча і 30-годдзя музея.

Распачалося мерапрыемства “Пясняр сугучнасці” з уступнага слова дырэктара УК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” Юрыя Віктаравіча Кітурка.

Першая літаратурна-музычная частка мерапрыемства была цалкам прысвечана “Песняру чыстай красы”, класіку беларускай паэзіі Максіму Багдановічу. Другая частка пад назвай “Летапіс гісторыі музея” была прысвечана 30-годдзю музея.

Падчас літаратурна-музычнай імпрэзы студэнты філалагічнага факультэта спец. “Беларуская філалогія” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская прачыталі выдатнейшыя ўласныя вершы, прысвечаныя Генію беларускай паэзіі М.Багдановічу, а Дзмітрый і Альжбета Даўгаполікі надзвычай прыгожа выканалі песню на словы паэта “Слуцкія ткачыхі”.

Вершы М.Багдановіча “Маёвая песня” і “На чужыне” прачыталі вучаніцы Гімназіі № 5 Юлія Чакун і Алена Пінкевіч, а верш “Жывеш не вечна, чалавек…” прадэкламавала вучаніца Гімназіі № 2 Яніна Дзіўнэль.

Яскравым і кранальным было выступленне на мерапрыемстве фальклорнага ансамбля “Кужаль” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Мастацкі кіраўнік ансамбля Наталля Вікунья-Аррыетта.

У літаратурна-музычнай імпрэзе “Пясняр сугучнасці” ўзялі таксама ўдзел дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДзУ імя Я.Купалы Аліна Эдмундаўна Сабуць, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГДзУ імя Я.Купалы Анатоль Аляксандравіч Брусевіч, прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, дацэнт Ала Мікалаеўна Петрушкевіч, Старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, верш-прысвячэнне М.Багдановічу прачытаў паэт Браніслаў Ермашкевіч.

У фінальнай частцы мерапрыемства “Пясняр сугучнасці” прагучала песня “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…” ў бліскучым уласным выкананні студэнта філалагічнага факультэта спец. “Польская філалогія” ГДзУ імя Я.Купалы Уладзіслава Мазалеўскага.