Сустрэча аматараў музея ў Новым замку 30 сакавіка

Вернуться к событиям
31 Март

30 сакавіка ў Новым замку адбылося другое паседжанне нефармальнага клуба сяброў нашага музея. Гэтым разам размова пайшла пра перспектывы музеефікацыі фартоў Гродзенскай крэпасці.

Аб гісторыі будаўніцтва крэпасці і сучасным стане яе збудаванняў расказаў прысутным настаўнік гісторыі гімназіі №4 Дзмітрый Люцік, які з’яўляецца аўтарам шматлікіх даследаванняў па ваеннай гісторыі Гродзеншчыны. На прыкладах крэпасцяў у Ломжы (Польшча) і Дзвінску (Латвія) расказаў аб музеефікацыі фартавых аб’ектаў доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі і археалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык.

Пасля іх выступленняў адбылася ажыўленая дыскусія ў якой прынялі ўдзел фатограф Аляксандр Ласмінскі, гісторыкі Віталь Карнялюк і Аляксандр Сявенка, краязнаўца і экскурсавод Ігар Лапеха. Апошні агучыў цікавую думку аб тым, што музей Гродзенскай крэпасці мог бы паўстаць у выглядзе невялікага павільёна каля форта №2. Там можна было б размясціць звесткі і пра саму крэпасць і пра знішчэнне фашыстамі мірных грамадзян у гады вайны. Рэшту фартоў трэба прыводзіць у парадак, забяспечыць адпаведнымі ўказальнікамі і гістарычнымі даведкамі.