Выстаўка “Ад родных ніў…” у Музеі Максіма Багдановіча

Вернуться к событиям
16 Май

Выстаўка прымеркавана да 30-годдзя з дня адкрыцця першай экспазіцыі Музея Максіма Багдановіча ў Гродне, урачыстае адкрыццё якой адбылося 16 мая 1986 г. На выстаўцы экспануюцца фотаздымкі і кнігі, якія адлюстроўваюць гісторыю музея.

Арыгінальнымі і цікавымі з’яўляюцца фотаздымкі з урачыстага мерапрыемства 1986 г., на якім прысутнічалі вядомыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары і жыхары г. Гродна, а таксама фотаздымкі тагачаснай экспазіцыі “Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры і яго эпоха”, першую экскурсію па якой правяла Данута Бічэль –  старэйшы навуковы супрацоўнік музея, паэтэса, лаўрэат Дзяржаўная прэміі БССР імя Я.Купалы. У 1990 г. Данута Бічэль стала загадчыцай літаратурнага аддзела, а ў 1995 г. – першым дырэктарам Музея Максіма Багдановіча.

У 1990-я гг. быў праведзены капітальны рамонт і перапланіроўка будынка, створана новая экспазіцыя. Работы праводзіла група мастакоў пад кіраўніцтвам В.Пратасені, аўтар экспазіцыі – Д.Бічэль.

Урачыстае адкрыццё адноўленай экспазіцыі адбылося 26 мая 1994 г., сярод ганаровых гасцей на адкрыцці  прысутнічалі Міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, Народны паэт БССР Ніл Гілевіч і інш.

Экспазіцыя музея дзейнічае да гэтага часу і складаецца з наступных залаў: “Гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў”, “Літаратурна-грамадскі рух на Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст.” і  4-х мемарыяльных пакояў: кабінета бацькі, гасцёўні, жаночага і дзіцячага пакояў, а таксама экспазіцыі “Гродзеншчына літаратурная”, прысвечанай паэтам і пісьменнікам Прынёманскага краю.

Цікавымі для наведвальнікаў з’яўляюцца кнігі: “Я хацеў бы спаткацца з вамі” (Гродна, 1991), “Дарогамі Максіма Багдановіча” (Гродна, 1991), “Ты не самотны…” (Гродна, 1997), “У вянок Максіма Багдановіча” (Гродна, 2002).