12 снежня адбылося адкрыццё выставы “У царстве Дзеда Мароза” віцебскага калекцыянера Наталлі Кавалёвай

Вярнуцца да падзей
13 снежань

12 снежня ў Авальнай зале Новага замка адбылося адкрыццё выставы “У царстве Дзеда Мароза” віцебскага калекцыянера Наталлі Кавалёвай.

На навагодняй выстаўке адлюстравана разнастайнасць падставачных «Дзядоў Марозаў». Гісторыя вобраза паказана экспанатамі 50–80-х гадоў ХХ стагоддзя. У недалёкім мінулым перад Новым годам на фабрыках і ў арцелях СССР працавала мноства майстроў цацак. З ваты, пап’е-машэ, апілачнага кампазіту, пенапласту, пластыку, паперы і шкла выпускаліся цэлыя партыі ватных “Дзядоў Марозаў” пад ёлку. А паколькі вытворчасць была буйнасерыйная, купіць “Дзеда Мароза” можна было ў любым горадзе любой савецкай рэспублікі, і такая навагодняя цацка мелася практычна ў кожнай сям’і… Сёння іх адзінкавыя экзэмпляры можна сустрэць у розных канцах былога СССР.

Кожная вытворчасць мела свой стандарт для вырабу “Дзеда Мароза”, і таму зараз цацкі можна класіфікаваць і адрозніць па годзе выпуску. Напрыклад, лёгка распазнаць “Дзядоў Марозаў” ВША “Яраслаўль”, маскоўскай арцелі “Парыжская камуна”, варонежскай фабрыкі цацак, калінінскай арцелі, фабрыкі “Ленцацка” і, канешне, непаўторных украінскіх “Дзядуль” ад церабаўлянскай фабрыкі ёлачных цацак “Укрдзіцацка” і фабрыкі дзіцячых цацак “Перамога”.

Жадаем кожнаму госцю выстаўкі знайсці “Дзядулю”, без якога не абыходзілася ёлка яго дзяцінства.