Уладзімір Фёдаравіч Чарнышоў нарадзіўся ў 1939 г. ў в. Чардым Пензенскай вобласці. У 1960 г. скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А. Савіцкага, у 1968 г. – Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве. Затым пераехаў у Мінск, дзе каля 30 гадоў працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак прыняў удзел у рабоце больш чым над 25 кінастужкамі, сярод якіх «Спяшайся будаваць дом» (1970), «Вялікія перагоны» (1971), «Ясь і Яніна» (1974), «Купальская ноч» (1982), «Зацюканы апостал» (1983), «Запіскі юнага лекара» (1991), «Тум-Пабі-Дум» (2017) і іншыя.
У 1995 – 2001 гг. Уладзімір Фёдаравіч працаваў галоўным мастаком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. З’яўляецца аўтарам сцэнаграфіі спектакляў-лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва. З 1996 па 2005 гг. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Удзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак з 1960 г. Сябра Саюза мастакоў СССР (з 1977 г.), Беларускага саюза мастакоў, Саюза кінематаграфістаў СССР (з 1978 г.), Беларускага саюза кінематаграфістаў, Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1996 г.).
Уладзімір Фёдаравіч Чарнышоў узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Дзяржкіно СССР, Знакам Пашаны і медалямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза мастакоў выстаўкі «Панарама мастацтваў». Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Мастак працуе ў станковым жывапісе і графіцы. Асноўныя жанры – партрэт, пейзаж, тэматычная карціна. Упадабаныя тэхнікі – тэмпера, алей, акварэль, аловак, сангвін, вугаль, змешаная тэхніка.
У творчасці Уладзіміра Фёдаравіча Чарнышова шырока прадстаўлена тэма Вялікай Айчыннай вайны. Творы, якія экспануюцца на выстаўцы, адлюстроўваюць падзеі вайны і пасляваеннага аднаўлення. Карціны мастака сімвалічныя, прасякнутыя глыбокім роздумам аўтара аб лёсе чалавека.