- Я ж не ару, не сею і не жну я,
- І не праду, не тку і не будую –
- Выводжу толькі думкі на папас…
- (Ніна Мацяш, “Сябрам”, 1987)
20 верасня 1943 года нарадзілася яркая фігура ў беларускай літаратуры, якая пакінула значны след у нацыянальнай культуры, Ніна Іосіфаўна Мацяш. Нарадзілася яна ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ніна Іосіфаўна скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу (1960), паступіла на факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Скончыла інстытут у 1966 годзе, бо вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак з-за хваробы. У 1973–1977 гадах працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1971 г.
Ніна Мацяш пачала свой літаратурны шлях у 60-я гады ХХ ст.: дэбютавала вершам у 1962 годзе ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма” і газеце “Во славу Родины”. Яе творы адрозніваліся глыбокім пранікненнем у душу чалавека, шчырасцю і паэтычнасцю. Пісала прозу, паэзію, сцэнары. Аўтар зборнікаў паэзіі “Агонь” (1970), “Удзячнасць” (вершы і паэма, 1973), “Ралля суровая” (вершы і пераклады, 1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Паварот на лета” (выбранае, 1986), “Шчаслівай долю назаві” (1990) і казак “Два браты і сякера” (1975), “Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982). Тэма кахання як усёпераможнай сілы пранізвае ўсю творчасць Н. Мацяш: “А ты жыві, каханы мой, жыві. // Хай журавель нарэшце дасца ў рукі. // Я забяру ў магілу тыя мукі, // Што выпалі нам на кастры любві” (“А ты жыві, каханы мой, жыві”, 1985). Цесна творчасць звязана і з роднай Беларуссю, яе прыродай і гісторыяй народа: “Люблю непаўторны свой род // І яго анідзе не зракуся…” («Адказ “Першацвету” на ягоную анкету», 1994), “Падчас і па чужых краях журуся, // А хопіць і куточка Беларусі, // Каб цэлы век свій да яе ісці” (“Шчэ не журуся я па харастве”, 1977). Мацяш разважала пра хуткаплыннасць часу, пра непазбежнасць пераменаў, пра цяжкі лёс: “Ведаем, жывём занадта мала, // Каб на прыканцы не шкадаваць, // Што не ўсё, чым доля нас віталша, // З годнасцю мы ўмелі адвітаць” (“Ведаем, жывём занадта мала”, 1979), “І любіць ажно да болю, // як матулін голас, // Беларусь – і сонца, й долю… // Лёс мой, // цяжкі колас!” (“Лёс мой”, 1969). А вобраз маці ў паэзіі Н. Мацяш займае асаблівае месца. Гэта не проста фігура, а сімвал любові, клопату, жыццёвай мудрасці і каранёў: “Быць разам выпадае нам так мала… // Забудзь трывогу вечную сваю, // Прыляж, мая натомленая мама, // Як некалі ты мне, табе спяю” (“Калыханка маме”, 1975), “Ах чароўныя дудачкі з матчынай казкі!.. // Падзьмеш у адну – // і высахнуць слёзы…” (“Тры дудкі”, 1975).
У фондах Музея Максіма Багдановіча захоўваюцца зборнік вершаў і паэм 1962–1992 гг. Н. Мацяш “Паміж усмешкай і слязой” (1993) і зборнік лірыкі “Душою з небам гаварыць” (1999).
Ніна Мацяш пісала п’есы для тэатра лялек “Прыгоды трох парасят” (пастаўлена ў 1976), “Крок у бессмяротнасць” (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі “Пясняр роднай прыроды” (пастаўлены ў 1978) і Р. Кента “Гэта я, госпадзі” (пастаўлены ў 1980). Яе працы адрозніваліся глыбокім псіхалагізмам і арыгінальнасцю. Перакладала з нямецкай, французскай, польскай, украінскай моў: у яе перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Ж. Аліўе “У краіне індзейцаў” (1973), А. дэ Сент-Экзюперы “Планета людзей” (1984) і “Маленькі прынц” (1989), навелы Г. дэ Мапасана (1987) і інш.
Ніна Іосіфаўна Мацяш – лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова (1984) за “Паэму жніва”, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970) за вершы аб моладзі, Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2009, пасмяротна) за зборнік “У прыгаршчах ветру”.
Пісьменніца пайшла з жыцця 19 снежня 2008 года, але яе творчасць працягвае жыць. Яе кнігі перавыдаюцца, вершы цытуюцца, а героі працягваюць натхняць новыя пакаленні чытачоў.