У Музеі Максіма Багдановіча з 9 красавіка працуе выстаўка “З глыбінь народнай душы”, прымеркаваная да Дня нараджэння А. Карпюка.
“Карпюк – чалавек надзвычайны, сапраўдны гарадзенец”, – так сказаў пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка яго сябра, вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. А. Карпюк (14.04.1920–14.07.1992) скончыў Гродзенскі педінстытут, узначальваў Гродзенскае абласнае аддзяленне Саюза пісьменнікаў, стварыў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі і атэізму (сёння Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі), быў яго дырэктарам.
Пісьменнік прайшоў праз вайну і фашысцкі палон, стаў амаль ці не адзіным уцекачом з канцлагера Шту́тгоф, узначальваў партызанскі атрад на Гродзеншчыне. Ваенная і партызанская тэмы займаюць важнае месца ў творчасці А. Карпюка, але яго пяро даследавала і душы людзей у мірны час, складанасці грамадскіх адносін, вечныя філасофскія пытанні. Прызнанне чытачоў атрымалі яго кнігі “Карані”, “Вершалінскі рай”.
Да ўвагі наведвальнікаў на выстаўцы прадстаўлены:
- кнігі аповесцей і апавяданняў А. Карпюка “Дзве сасны” (1958), “Данута” (1963), “На лесных стежках” (1964), “Свежая рыба” (1978), “Партрэт” (1983), “Вершалинский рай” (1986), “Карані” (1988),
- фотаздымкі А. Карпюка з маці Марыяй Міхайлаўнай (копія з фотаздымка 1946 г.), з былым камандзірам партызанскага атрада Браніславам Урбанавічусам (1966), з унукамі (1991),
- лісты А. Карпюка да бацькі Нічыпара Аляксеевіча (1945), да гродзенскай паэтэсы Дануты Бічэль-Загнетавай (1990), графічны партрэт А. Карпюка аўтарства Геруса Сямёна Пятровіча (1954).
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 20 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.