У Музеі Максіма Багдановіча з 21 мая працуе выстаўка “І вечна гарыць твая зорка…”, прымеркаваная да Дня памяці Максіма Багдановіча.
Зорка Максіма Багдановіча запалілася 9 снежня 1891 года. Праз дваццаць пяць гадоў, 25 мая 1917 года, яго зямное жыццё скончылася, але на небасхіле беларускай літаратуры зорка паэта будзе гарэць вечна. Творчая спадчына М. Багдановіча, якая непарыўна звязана з роднай зямлёй, яе гісторыяй, народнымі песнямі і міфамі, назаўсёды ўвайшла ў залаты фонд айчыннай літаратуры. І веліч творчасці класіка не згасае, яна працягвае натхняць сучасных аўтараў, мастакоў, кампазітараў, скульптараў, рэжысёраў. Так, у 1970 г. на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі адбылася прэм’ера спектакля “Зорка Венера”, у якім ролю маці паэта Марыі Апанасаўны Багдановіч выканала Народная артыстка Беларусі Людміла Іванаўна Златава.
Да ўвагі наведвальнікаў на выстаўцы прадстаўлены:
- – фотаздымкі Л.І. Златавай, пастаноўшчыкаў і ўдзельнікаў прэм’еры спектакля,
- – кнігі пра жыццё і творчасць паэта “Шляхі” (1986), “Паэзія Максіма Багдановіча” (1978), “Загадка Багдановіча” (1969),
- – зборнікі вершаў паэта “Зорка Венера” (1991), “Шыпшына” (1991), “Мае песні” (1991),
- – аўтографы вершаў Анатоля Брусевіча “Першая зорка” з прысвячэннем М. Багдановічу (1991) і Дануты Бічэль-Загнетавай “З высокай зоркі Венеры” (1990-я).
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 20 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.