22 ліпеня 2025 г. Асташонак Жанна Грыгор’еўна, дачка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызан Кірылава Рыгора Лазаравіча і Кароль Марыі Міхайлаўны, наведала наш музей і перадала ў фонды ўзнагароды і дакументы сваіх бацькоў, сярод якіх Ордэн Леніна, Ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі Партызану Айчыннай вайны, медалі “За боевые заслуги”, “За Победу над Германией”, “Георгий Жуков”, а таксама шматлікія памятныя медалі.
Кірылаў Рыгор Лазаравіч, 1920 г.н., ураджэнец Смаленскай вобласці, пачатак вайны сустрэў на аэрадроме каля г.Слонім, быў паранены, трапіў у палон, аднак уцёк ад фашыстаў і трапіў у партызанскі атрад імя С.М.Будзёнага брыгады “Перамога” Шчучынскага партызанскага злучэння. За баявыя подзвігі Грыгорый Лазаравіч быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, аднак атрымаў Ордэн Леніна. У партызанах Рыгор Лазаравіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай 16-гадовай дзяўчынай Марыяй Кароль. Усю вайну яны прайшлі разам. Пасля вайны Кірылаў Г.Л. працаваў у Зэльве ў розных установах, затым старшынёй Дзярэчынскага калгаса. Кароль М.М. працавала настаўніцай у Дзярэчыне. Усё жыццё сям’я пражыла ў Дзярэчыне.