У 2023 – 2024 гадах у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца 80-я гадавіна вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая падзея тычыцца кожнага жыхара краіны, яна аб’ядноўвае пакаленні. Вызваленне Беларусі і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, якая была дасягнута дзякуючы надзвычайнай стойкасці, гераізму, мужнасці і самаахвярнасці людзей, мае выключнае значэнне для беларускага народа. Патрыятычная барацьба ваеннага пакалення – гэта нацыянальны гонар беларусаў.
У Рэспубліцы Беларусь праводзіцца вялікая работа па ўвекавечванні і захаванні аб’ектыўнай гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая роля ў гэтым належыць музеям.
Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэалізоўваецца абласны віртуальны праект “Лісты з фронту”. Віртуальны праект распрацаваны з мэтай фарміравання ў наведвальнікаў музея, у першую чаргу маладога пакалення, пачуцця патрыятызму і любові да Радзімы праз гісторыка-культурныя каштоўнасці – музейныя прадметы.
Удзельнікамі віртуальнага праекта з’яўляюцца ўсе дзяржаўныя музеі Гродзенскай вобласці. На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея змешчана старонка віртуальнага праекта “Лісты з фронту”, на якой з сакавіка па снежань 2024 года будуць публікавацца франтавыя лісты, лісты-трохкутнікі, франтавыя дзённікі, фотаздымкі ваеннага часу з надпісамі, паштовыя карткі і іншыя дакументы і матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондавых зборах дзяржаўных музеяў Гродзеншчыны.
Пазнаёміцца з матэрыяламі віртуальнага праекта можна па спасылцы “Лісты з фронту”, якая таксама размешчана на сайтах усіх дзяржаўных музеяў Гродзенскай вобласці.