26 студзеня ў Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі ўраджэнца горада Гродна Аляксандра Міхайлавіча Рубца “Горы. Кумганы. Гранаты”.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 40 жывапісных палотнаў мастака з розных цыклаў. Карціны выкананы ў жанры пейзажу і нацюрморта ў перыяд з 2013 па 2023 год. У творах пейзажнага жывапісу мастак знаёміць гледача з бязмежнымі краявідамі і ўтульнымі вулачкамі гарадоў Паўночнага Каўказа, перадае веліч гор Прыэльбрусся, звілістасць прытокаў ракі Юца. Кумганы, гранаты – прадметы-сімвалы ў нацюрмортах, яны насычаюць мастацкія вобразы характэрным рэгіянальным каларытам.
Аляксандр Міхайлавіч Рубец нарадзіўся ў 1953 г у горадзе Гродна. Гады дзяцінства прайшлі ў Слуцку, дзе будучы мастак пачаў знаёміцца з выяўленчым мастацтвам пад кіраўніцтвам графіка У.С.Садзіна. Мастацкую адукацыю Аляксандр Міхайлавіч атрымаў у рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя І.В.Ахрэмчыка, вучыўся ў знакамітых беларускіх мастакоў Л.Д.Шчамялёва, Л.К.Ізмайлавай, падчас навучання ўплыў на яго творчасць аказаў старэйшы таварыш Л.Хобатаў. Далейшае станаўленне мастака адбывалася ў Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя В.А.Сярова. Сёння мастак жыве і працуе ў г.Пяцігорск Стаўрапольскага краю.
Аляксандр Міхайлавіч Рубец з’яўляецца класічным прадстаўніком савецкай мастацкай школы 1960–1970-х гг. Яго карціны вылучаюцца адметнай аўтарскай манерай пісьма: упэўненай лепкай формы, рэльефнай фактурнасцю, умоўнасцю і стылізацыяй мастацкіх вобразаў. Жывапісная сістэма ў карцінах мастака разнастайная, пабудаваная на спалучэнні ледзь заўважных адценняў, дзе яркі колер з’яўляецца акцэнтам сярод складаных суадносін тону. Шырокімі плоскасцямі мастак віртуозна стварае асяроддзе карціннай прасторы, не ўдакладняючы дэталі. Корпусная манера пісьма, пастозны і дынамічны мазок з’яўляюцца формаўтваральнымі сродкамі і ўзмацняюць экспрэсіўны характар твораў. Аляксандр Міхайлавіч натхняецца разнастайнасцю мастацкіх плыняў і накірункаў ХХ ст., асабліва тэхнічнымі прыёмамі постімпрэсіяністаў, уплыў якіх заўважны ў карцінах мастака.
Нумар тэлефона: 8 (0152) 71-86-83; (33)3250058