З 11 красавіка ў Сенатарскай зале Новага замка працуе выстаўка “Доўгія дарогі вайны”, прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Ю. Х. Караеў, намеснік кіраўніка вобласці В. Ф. Пранюк, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А. В. Клімовіч.
У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены прадметы з фондаў музея. Некаторыя з экспануемых карцін былі адрэстаўраваны музейнымі мастакамі-рэстаўратарамі спецыяльна для выстаўкі.
Аўтарамі мастацкіх палотнаў з’яўляюцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: І. Пушкоў, К. Пятроў, М. Чэчын, А. Захараў і іншыя.
Асаблівую цікавасць уяўляюць таксама шматлікія экспанаты, якія паступілі ў музейны збор за апошнія дзесяцігоддзі: асабістыя рэчы, дакументы і фатаграфіі падпольшчыкаў і партызан В. Соламавай і Я. Баркунова, матэрыялы, прысвечаныя 3-му гвардзейскаму кавалерыйскаму корпусу (фотаальбом удзельніка вызвалення горада Гродна Д. Вадзінскага).
Асобны комплекс матэрыялаў прысвечаны Маршалу Савецкага Саюза В. Д. Сакалоўскаму. Некаторыя прадметы паступілі ў музейны фонд у пачатку 2025 года, яны былі перададзены ўнукам маршала Сяргеем Яўгенавічам Сакалоўскім.
Частка экспанатаў прысвечана гродзенцам Аляксею Карпюку і Хайкелю Паесу – удзельнікам штурма Берліна. Сярод экспанатаў прадстаўлены ўзнагароды, фотаздымкі баёў, карта горада Берліна.