Адкрыццё выставы «Пётр Шумаў. Вяртанне дадому»

Вярнуцца да падзей
26 сакавік

29 сакавіка у 16:00 у Авальнай зале Новага замка адбудзецца адкрыццё выставы «Пётр Шумаў. Вяртанне дадому».
Лёс многіх таленавітых ураджэнцаў нашай краіны, на жаль, звязаны з вымушанай эміграцыяй. Так склалася і жыццё ўраджэнца горада Гродна Пятра Шумава, аднаго з самых знакамітых фатографаў Еўропы першай трэці ХХ стагоддзя, асабістага фатографа Агюста Радэна.
На выставе будуць прадстаўлены копіі 33 фотаздымкаў, выкананых Пятром Шумавым, якія прадастаўлены парыжскім фондам «Parisienne de Photographie – «Roger-Viollet». У 1920-я гады Пётр Шумаў фатаграфаваў выдатных мастакоў, кампазітараў, пісьменнікаў, паэтаў, балярын, палітыкаў. Сярод прадстаўленых на фотавыставе работ наведвальнікі змогуць убачыць партрэты Марка Шагала, Льва Бакста, Уладзіміра Маякоўскага, Марыны Цвятаевай, Альберта Эйнштэйна, Клода Манэ і інш. Гэтыя фотаздымкі даюць поўнае ўяўленне аб таленце партрэтыста Пятра Шумава і аб тым унёску, які ён зрабіў у сусветную культуру.
Экспазіцыя дапоўнена трыма арыгінальнымі фотаздымкамі Пятра Шумава з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. На гэтых фотаздымках: французскі скульптар Агюст Радэн, захавальнік Люксембургскага музея Леонс Бенедзіт, брытанскі палітычны і дзяржаўны дзеяч Джэймс Рамсэй Макдональд.
Выстава арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, былога Пасла Беларусі ў Францыі, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі, беларускага журналіста і фотамайстра Аляксандра Ласмінскага.
Арганізатары выказваюць удзячнасць генеральнаму партнёру СТАА «Контэ-Спа» і асабіста яе заснавальніку Валянціну Байко, а таксама дзякуюць за дапамогу ў друку здымкаў фотастудыі «Мега».