Ці любіце вы атрымліваць віншавальныя паштоўкі? Не, не карцінкі ў сацсетках, а паштоўкі з паперы!? А ці пісалі вы калі-небудзь сапраўднае пісьмо – ручкай на папяровым аркушы? А можаце адрозніць почырк свайго найлепшага сябра ад почыркаў сваіх родных?
Калі вам цікава даведацца, як кантактавалі людзі ў дасмартфонную эру, запрашаем вас у Новы замак, дзе 20 лістапада 2025 г. у 16.00 у Авальнай зале Новага замка (вул. Замкавая, 20) адкрыецца выстаўка “Забытае мастацтва ліставання” з фондаў музея.
На выстаўцы будуць прадстаўлены старадаўнія паштоўкі, лісты і пісьмовыя прыналежнасці розных эпох – пачынаючы ад дзелавой перапіскі караля Стэфана Баторыя да асабістага ліставання генерал-лейтэнанта М.В.Паўлоўскага. Вы ўбачыце пісьмовыя прылады, якія даўно выйшлі з ужытку: чарніліцы, пёравыя ручкі, прэс-пап’е і інш. Многія з гэтых рэчаў належалі знакамітым людзям нашага краю: Элізе Ажэшцы, Якубу Коласу, А.І.Антонаву, В.Быкаву, А.Н.Карпюку, А.І.Дубко і многім іншым.