Пачынаючы з гэтага тыдня ў каралеўскіх замках ужо можна набыць карты фабрыкі Лапіна з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай – Стэфана Баторыя, Яна Сабескага, Казіміра Вялікага і Жыгімонта Аўгуста. Тры з іх дакладна былі ў нашых замках. Карты выпускаліся ў міжваенныя гады на Першай краёвай фабрыцы карт для гульні, якімі валодала яўрэйская сям’я Лапіных. Сучасныя карты адноўленыя творчым згуртаваннем “А-чатыры”.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Гародні пачалі ўзнікаць прадпрыемствы з цікавай назвай – тыпалітаграфія, галоўнай асаблівасцю якіх з’яўлялася магчымасць друкавання літаграфій. А ў 1879 годзе першую ўласную тыпалітаграфію заснавалі прадстаўнікі заможнай мяшчанскай сям’і Лапіных. Яе ўладальнікам быў Саламон Лапін. Тыпаграфія друкавала галоўным чынам этыкеткі для цыгарэт, каляровыя рэкламныя аб’явы і інш.
У 1923 годзе браты Аляксандр і Абрам Лапіны пашырылі сваю справу і пачалі вырабляць ігральныя карты, што дазволіла ім перайменаваць сваю літаграфію ў „Першую краёвую фабрыку ігральных карт”. Карты былі высокай якасці, іх выкарыстоўвалі для гульні ў скат, брыдж, покер, віст. На фабрыцы братоў Лапіных друкавалі карты народныя, ракайлевыя, венскія, рэйнскія, а таксама тут была распрацавана ўнікальная калода “з каралямі”.
Восенню 1939 года фабрыка братоў Лапіных была нацыяналізавана, а яе гаспадары загінулі ў гарадзенскім гета.
У 2017 годзе за аднаўленне ігральных картаў Лапіных узялася сям’я Янкоўскіх разам з творчым згуртаваннем “А-чатыры”. Карты былі ўласнаруч адмаляваны і адноўлены на аснове фрагментаў арыгінальнай калоды. Калода “з каралямі”, якую вы зараз трымаеце ў руках, ўнікальная, таму што яна была распрацавана і друкавалася толькі ў Гародні. Гэта адзіныя карты, дзе каралі адлюстроўваюць гістарычных асобаў польскай і беларускай гісторыі – Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя.
Больш падрабязна пра карты і гісторыю фабрыкі Лапіных можна пачытаць на сайце a4games.by.