Сёння фонды нашага музея папоўніліся новым цікавым экспанатам, што падаравала ўраджэнка г. Гродна Алена Уладзіміраўна Кіркіцкая, якая цяпер, па волі лёсу, разам з мужам жыве і працуе ў Расіі.
Аднойчы, выбіраючы ў антыкварнай краме падарунак на юбілей сябра, яна заўважыла кірылічную кнігу, надрукаваную ў гродзенскай друкарні ў 1794 годзе. Алена Уладзіміраўна заўсёды захаплялася гісторыяй роднага горада, таму адразу ж набыла кнігу і вырашыла, што яна павінна вярнуцца ў Гродна.
Калі супрацоўнікі аддзела рэдкай кнігі сталі даследаваць кнігу, выявілася, што яна захоўвае мноства таямніц. Высветлілася, што гэта стараверскае выданне – зборнік “Цветник”, напісаны інакам Дарафеем. «Цветник» – гэта адзін з найлепшых помнікаў старажытнарускай літаратуры XVII стагоддзя, які з’яўляўся кіраўніцтвам да манаскага жыцця і атрымаў вялікую вядомасць і распаўсюджанне ў манастырскім асяроддзі.
Хоць у калофоне і пазначана, што кніга была надрукавана ў гродзенскай друкарні ў 7302 годзе ад стварэння свету (у 1794 годзе ад Раства Хрыстова), насамрэч яна ўбачыла свет у стараверскай друкарні купца Фёдара Кузьміча Карташова ў Клінцах (цяпер гэта горад у Бранскай вобласці). У канцы 80–90-х гг. XVIII ст. ён выдаў некалькі дзясяткаў кніг. Ва ўмовах ганення на стараверскі друк усе кнігі былі пазначаны фіктыўнымі выхаднымі дадзенымі, хаця час выдання, калі меркаваць па часе вырабу паперы, як правіла, адпавядаў сапраўднаму.
Папера, на якой надрукавана кніга, мае вадзяныя знакі “Про Патрыя” і герб Афанасія Ганчарова, якія выкарыстоўвала паперня (фабрыка) Ганчаровых у Калужскай губерні. Афанасій Абрамавіч Ганчароў (1693–1784) быў калужскім купцом і прамыслоўцам, адным з арганізатараў папяровай і палатнянай вытворчасці ў Расіі, родапачынальнікам дваранскага роду Ганчаровых (і прапрадзедам Наталлі Ганчаровай – жонкі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна). Яго фабрыка – “Палатняны завод” – была адной з самых вядомых і буйных рускіх фабрык па вырабе паперы. З 1775 года Кацярына II за высокую якасць паперы дазволіла называць Палатняна-завадскую фабрыку “Пастаўшчыком двара Яе Імператарскай Вялікасці”. Прадпрыемства дзейнічае па сённяшні дзень.
І хаця кніга аказалася не з гродзенскай друкарні, тым не менш яна цікавая як узор стараверскага выдання з фіктыўнымі гродзенскімі выхаднымі дадзенымі. Вядома, што гродзенская каралеўская друкарня выдавала на замову кнігі для старавераў і за гэта атрымлівала добры прыбытак. Па падліках даследчыкаў, было выдадзена ўсяго каля 25 такіх кніг. Але шэраг “гродзенскіх” выданняў насамрэч быў надрукаваны ў стараверскіх друкарнях, часта падпольных (Клінцы, Янаў, Махноўка).
Супрацоўнікі музея з удзячнасцю прынялі падарунак, які стане каштоўным папаўненнем музейнай калекцыі.