Мерапрыемства “Чароўныя гісторыі. Ноч у музеі” (2024)

Вярнуцца да падзей
20 май

Святкаванне Міжнароднага дня музеяў стала добрай традыцыяй для нашага горада. Незабыўнае мерапрыемства “Чароўныя гісторыі. Ноч у музеі” адбылося 18 мая ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.

У гэтым годзе падчас мерапрыемства музей пераўварыўся ў чароўны замак, у сценах якога госці змаглі адчуць сябе сапраўднымі чараўнікамі. Першапачаткова ўдзельнікі эксклюзіўнай праграмы былі размеркаваны па факультэтах Вітаўта, Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза і Станіслава Жыўны.

Урачыстае адкрыццё пачалося канцэртнай праграмай з удзелам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага камернага жаночага хору і народнага духавога аркестра УА “Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”.

Пасля ўступнага слова дырэктара музея Юрыя Віктаравіча Кітуркі госці мерапрыемства пазнаёміліся з заснавальнікамі факультэтаў Чароўнай школы: Вітаўтам, Стэфанам Баторыем, Антоніем Тызенгаўзам і Станіславам Жыўнам.

Студэнты-чараўнікі, яны ж удзельнікі эксклюзіўнай праграмы, прынялі ўдзел у занятках Чароўнай школы: “Урок Гербалогіі”, “Урок Прадказанняў”, квэст “Сарваны ўрок”, пешаходная экскурсія па вуліцы Замкавай “Гісторыя Магіі”, квіз-гульня “Турнір чатырох чароўнікаў.

Для ўсіх наведвальнікаў падчас мерапрыемства працавалі музейныя экспазіцыі, тэматычныя пляцоўкі з аквагрымам, настольнымі гульнямі, тэматычнымі дыяфільмамі. Для жадаючых даведацца пра сваё будучыню працавала інтэрактыўная пляцоўка Урок Прадказанняў”.

Незабыўныя эмоцыі і цёплы настрой прынесла выступленне музычнага праекта “Вочы” ва ўнутраным двары Старога замка.

Кульмінацыяй мерапрыемства “Чароўныя гісторыі. Ноч у музеі” стала вакальна-музычнае выкананне кавер-версій сусветных хітоў і святочны феерверк.

Мы вельмі ўдзячны, што гэты вечар вы вырашылі правесці разам з намі! Усяго самага найлепшага! Да новых сустрэч!