Мерапрыемства “Сама краса – спажытак для душы …” да 133-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
12 снежань

Напярэдадні 133-й гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў музеі прайшло мерапрыемства “Сама краса – спажытак для душы …”, якое было прымеркавана да гэтай святочнай даты. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 9 класа ДУА “Сярэдняя школа № 38 імя Кірылы Тураўскага г. Гродна”.

Сустрэча была арганізавана ў форме гульні, падчас якой школьнікі выконвалі заданні па творах паэта.

“Вянок” – адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча. Па старонках гэтай кнігі і “вандравалі” вучні, падзяліўшыся на дзве каманды. Школьнікі разгадвалі рэбусы, складвалі радкі вершаў класіка, адгадвалі значэнне адметных беларускіх слоў, падбіралі адпаведнікі да іх, шукалі адрозненні на выявах, звязаных з творчасцю класіка, і выконвалі іншыя цікавыя заданні.

Старонка за старонкай перад школьнікамі ажывалі вобразы з вершаў Максіма Багдановіча: вадзянік, лясун, летапісец, перапісчык, слуцкія ткачыхі… Касцёл Святой Ганны, Вострая брама – вобразы Вільні, якімі ў 1911 годзе натхняўся паэт, вобразы, якія паўсталі ў гэты святочны вечар. Узгадваліся і іншыя гарады, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта: Мінск, Гродна, Ваўкавыск, Магілёў. Гучалі жаночыя імёны, якія пакінулі след ў сэрцы і думках класіка: маці паэта Марыя Апанасаўна, яго каханая Ганна Какуева, Вераніка – пляменніца гімназічнага сябра Максіма Багдановіча.

На памяць аб гэтым мерапрыемстве кожны з вучняў атрымаў закладку з выявай васілька – кветкі, вобраз якой, дзякуючы класіку беларускай паэзіі Максіму Багдановічу, з’яўляецца адметным патрыятычным сімвалам беларусаў, сімвалам высокай духоўнасці нашага народа.