У Музеі Максіма Багдановіча прайшло мерапрыемства «Свет яго зоркі не гасне ў стагоддзях», прымеркаванае да Дня памяці класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 8 класа ДУА «Сярэдняя школа № 16 імя А. Сухамбаева г. Гродна».
Сустрэча прайшла ў форме інтэрактыўнай гульні. Школьнікі даведаліся пра бацькоў Максіма Багдановіча, пра яго жыццёвы і творчы шлях. Пасля чаго вучні прадэманстравалі свае веды па творах паэта, выконваючы розныя па форме заданні: разгадванне рэбусаў, складанне вершаваных радкоў, падбор адпаведнікаў да адметных беларускіх слоў, пошук адрозненняў на выявах, звязаных з творчасцю класіка. Удзельнікі гульні паспяхова справіліся з усімі творчымі заданнямі.
Арганізатары шчыра спадзяюцца, што мерапрыемства пакінула глыбокі след у сэрцах школьнікаў, падобна таму, як і ўспаміны літаратара і блізкага сябра М. Багдановіча Аляксандра Цітова. Яго цудоўныя словы раскрываюць усю глыбіню асобы паэта: «Маючы чулую і спагадлівую душу, ён міжволі прыцягваў да сябе кожнага, яго любілі і паважалі ўсе, хто яго ведаў: з ім не было весела, але было цёпла, прыемна пагаварыць і падзяліцца ўсім, што толькі ляжыць на душы… Ён быў адным з тых людзей, якія гараць, саграваюць жыццё і асвятляюць шлях іншым, але мала клапоцяцца пра сябе». Гэтыя радкі сталі выдатным завяршэннем сустрэчы, падкрэсліўшы не толькі геніяльнасць, але і незвычайную чалавечнасць Максіма Багдановіча.