26 ліпеня супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча г. Гродна прынялі ўдзел у традыцыйным свяце паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Яно было праведзена ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Фальварак Ракуцёўшчына”.
Супрацоўнікі музея далучыліся да агульнай праграмы, якая ўключала шматлікія майстар-класы і забаўляльныя гульні. Калектыў гродзенскага музея прэзентаваў сваю інтэрактыўную пляцоўку, дзе падчас выканання розных па форме заданняў кожны жадаючы мог праверыць свае веды па творчасці Максіма Багдановіча і адкрыць для сябе нешта новае. Удзельнікаў мерапрыемства чакалі пошук адрозненняў на выявах, звязаных з творчасцю класіка, заданне на падбор адпаведнікаў да адметных беларускіх слоў, разгадванне рэбусаў, складанне вершаваных радкоў.
Сустрэча прайшла ў цудоўнай атмасферы. І нават дажджлівыя хмары саступілі месца яснаму небу, дадаўшы святу яшчэ больш сонечнага настрою.