У Музеі Максіма Багдановіча адкрылася выстаўка «Яшчэ раз пра вечнае» да 105-годдзя з дня нараджэння Я.Брыля.
Янка (Іван Антонавіч) Брыль (04.08.1917 – 25.07.2006) – народны пісьменнік БССР.
Уся творчасць яго прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я.Брыля пад назвай «Апавяданні». Мастацкі летапіс улюблёнага пісьменнікам Наднямоння працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і «На Быстранцы» (1955). Ужо першыя творы вылучылі Я.Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы.
Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я.Брылём разам з А.Адамовічам і У.Калеснікам экспануемая на выстаўцы дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я.Брыля, як «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978) – творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляюцца маральныя якасці, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў.
Творы Я.Брыля перакладаліся на многія мовы свету. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі: на польскай мове «Bajdy dolne» («Ніжнія Байдуны», Лодзь, 1979), на англійскай мове «First snow» («Першы снег», Масква, 1981) з дароўнымі надпісамі Я.Брыля.
На выстаўцы экспануюцца фотаздымкі Я.Брыля разам з вядомымі беларускімі літаратарамі А.Мальдзісам, А.Пяткевічам, Д.Бічэль, паштоўка Я.Брыля да А.Вашкевіча, ліст Я.Брыля да Д.Бічэль, грампласцінка з запісам песні «Священная война» ў канверце з віншаваннем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І.А.Брыля.
Шчыра запрашаем!
- Уваходны квіток на часовую выстаўку – 10 кап.
- Музей працуе з 10.00 да 18.00 (выхадны – панядзелак).