Віртуальная выстаўка “Генералы Перамогі”

Вярнуцца да падзей
9 май

Віртуальная выстаўка “Генералы Перамогі”

Выстаўка прысвечана генералам Вялікай Айчыннай вайны, якія нарадзіліся на Гродзеншчыне. Усе яны мелі падобныя лёсы – бежанства ў глыб Расіі або служба ў Расійскай арміі ў гады Першай Сусветнай вайны, паступленне на службу ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію, удзел у Грамадзянскай вайне на ўсіх яе франтах ад Далёкага Усходу да Каўказа.  Добрая вайсковая адукацыя, дысцыпліна і вывучка, дапамаглі ім унесці вялікі ўклад і ў перамогу над нямецка-фашысцкай Германіяй. Многія матэрыялы экспануюцца ўпершыню.

 

Шмыга Іван Сцяпанавіч (1896–1979)

Шмыга Іван Сцяпанавіч (1896–1979) – генерал-лейтэнант. Нарадзіўся ў вёсцы Дабраволя на Свіслаччыне. Удзельнік Першай сусветнай вайны, меў чын прапаршчыка. У 1918 г. уступіў у Чырвоную Армію. Падчас грамадзянскай вайны ваяваў супраць А. Калчака і атамана А. Дутава на Урале, камандаваў ротай. У міжваенны час скончыў Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ, служыў на штабных пасадах. Летам – восенню 1941 г. трапіў у акружэнне пад Вязьмай, удзельнічаў у абароне Масквы. Камандаваў стралковым корпусам, удзельнічаў у вызваленні Украіны.


Пулка-Дзмітрыеў Аляксандр Дзмітрыевіч (1893–1962)

Пулка-Дзмітрыеў Аляксандр Дзмітрыевіч (1893–1962) – генерал-лейтэнант. Нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Слабодка каля Карэліч. У Чырвонай Арміі з 1919 г. Скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба. Кіраваў Інтэнданцкай акадэміяй Чырвонай Арміі, тылам Паўднёва-Заходняга фронта, тылам 61-й арміі. Удзельнік Сталінградскай бітвы.


Леашэня Яўгеній Варфаламеевіч (1900–1981)

Леашэня Яўгеній Варфаламеевіч (1900–1981) – генерал-лейтэнант Чырвонай Арміі, генерал дывізіі Войска Польскага. Нарадзіўся ў фабрычным пасёлку Альбярцін пад Слонімам. З 1919 года добраахвотнік у Чырвонай Арміі. Камандаваў ротай, батальёнам. Пасля заканчэння ваенна-інжынернай школы і Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ выкладаў у акадэміі ваенна-інжынерную справу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны кіраваў будаўніцтвам Маскоўскага абарончага рубяжа, удзельнічаў у абароне Крыма і Севастопаля. Удзельнік вызвалення Беларусі і савецка-японскай вайны. Цікавіўся гісторыяй інжынернай справы, таксама напісаў гісторыю Слоніма і мястэчка Альбярцін.


Варкоў Сяргей Сцяпанавіч (1911–1987)

Варкоў Сяргей Сцяпанавіч (1911–1987) – контр-адмірал, пісьменнік. Нарадзіўся ў Гродне ў сям’і рабочага. З 1935 г. у званні лейтэнанта служыў на Чарнаморскім флоце. У 1940 г. быў прызначаны камандзірам эсмінца “Сообразительный”. Карабель канваіраваў транспарты з войскамі, боепрыпасамі, тэхнікай, ажыццяўляў падтрымку войскаў пад Адэсай, у Крыму і Севастопалі. На караблі было перавезена больш за 15 000 эвакуіраваных жанчын і дзяцей. 27 чэрвеня 1942 г. эсмінец зняў з борта палаючага карабля “Ташкент” 1975 чалавек, якія эвакуіраваліся з Севастопаля. Пасля вайны С. Варкоў скончыў ваенна-марскую акадэмію, займаўся педагагічнай і пісьменніцкай дзейнасцю.


Грыгаровіч Міхаіл Фролавіч (1897–1946)

Грыгаровіч Міхаіл Фролавіч (1897–1946) – Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр. Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Кавалічы Гродзенскага ўезда. Вучыўся ў вёсцы Лаша. У 1916 г. прызваны ў царскую армію, а ў канцы 1917 г. уступіў у Чырвоную гвардыю. Падчас грамадзянскай вайны ў Расіі ваяваў на баку Чырвонай Арміі на Доне, Каўказе, Паўночна-Заходнім фронце і ў Туркестане, камандаваў батальёнам стралковага палка. З 1939 г. камандзір 58-га стралковага корпуса. У 1941–1943 гг. знаходзіўся са сваім корпусам на тэрыторыі Ірана. З красавіка 1944 г. камандзір 23-га стралковага корпуса 1-га Украінскага фронта. Удзельнічаў у баях за Львоў, Будапешт, Браціславу. Імем М. Грыгаровіча названа вуліца ў Гродне.


Калеснікаў Уладзімір Паўлавіч (1901–1944)

Калеснікаў Уладзімір Паўлавіч (1901–1944) – генерал-маёр. Нарадзіўся ў в. Сіняўская Слабада Ярэміцкай воласці Навагрудскага ўезда. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі. Кадравы афіцэр, скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба і Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ. З 1941 г. быў камандзірам 13-й стралковай брыгады. Двойчы паранены. Удзельнік абароны Каўказа. Са студзеня 1944 г. камандзір 206-й стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў вызваленні Украіны. Загінуў 1 мая 1944 г. на румынскай тэрыторыі.


Сакалоўскі Васіль Данілавіч (1897–1968)

Сакалоўскі Васіль Данілавіч (1897–1968) – маршал Савецкага Саюза, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Козлікі на Беласточчыне. Настаўнік па адукацыі, з лютага 1918 г. – у Чырвонай Арміі. У 1918–1919 гг. даслужыўся ад камандзіра роты да камандзіра дывізіі.

Скончыў ваенную акадэмію ў 1921 г. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад першага да апошняга дня на пасадах намесніка начальніка Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, начальніка штаба Заходняга фронта, 1-га Украінскага фронта, намесніка камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронта

Пасля вайны камандуючы Групай савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі, 1-ы намеснік міністра Узброеных Сіл СССР, начальнік Генеральнага штаба. У Гродне ёсць вуліца В. Сакалоўскага, а ў музеі захоўваюцца кнігі маршага і каштоўныя падарункі, зробленыя яму рознымі людзьмі.


Герко Нічыпар Ігнатавіч (1902–1973)

Герко Нічыпар Ігнатавіч (1902–1973) – генерал-маёр танкавых войскаў. Нарадзіўся ў вёсцы Чэпелева на Слонімшчыне. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі. У 1920-х гг. ваяваў з басмачамі на тэрыторыі Туркестана. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандаваў 56-м танкавым палком, атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга за адбіццё чатырох атак праціўніка на рацэ Заходняя Дзвіна.

Камандзір танкавай брыгады (1942 г.), камандуючы бранятанкавымі і матарызаванымі войскамі Цэнтральнага і 1-га Беларускага франтоў. Падпарадкаваныя яму войскі авалодалі горадам Лодзь.


Нагорны Мікалай Нічыпаравіч (1901–1985)

Нагорны Мікалай Нічыпаравіч (1901–1985) – генерал-палкоўнік артылерыі, камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны СССР у 1952–1953 гг. Нарадзіўся ў вёсцы Асташын на Навагрудчыне.

З 1920 года служыў у Чырвонай Арміі ў хімічных войсках, з 1927 г. – у войсках супрацьпаветранай абароны.

У 1933 г. скончыў Вайсковую акадэмію імя М. Фрунзэ. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў штаб войскаў супрацьпаветранай абароны Чырвонай Арміі, забяспечваў абарону важных стратэгічных прадпрыемстваў краіны, у тым ліку ў Маскве.


Рагуля Іван Лявонцьевіч (1895–1944)

Рагуля Іван Лявонцьевіч (1895–1944) – генерал-маёр. Нарадзіўся ў вёсцы Ачукевічы на Навагрудчыне. З 1915 г. служыў у царскай арміі. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1917 г. уступіў у Чырвоную гвардыю. Пасля грамадзянскай вайны атрымаў вайсковую адукацыю, быў начальнікам штаба палка. Падчас бітвы пад Масквой у 1941 г. камандаваў 56-й матарызаванай брыгадай. З 1942 года камандзір стралковай дывізіі, у верасні 1943 г. прызначаны камандзірам 80-га стралковага корпуса.

У час аперацыі “Баграціён” корпус генерал-маёра І. Рагулі забяспечыў прарыў нямецкай абароны на бабруйскім накірунку. Падчас нямецкай бамбардзіроўкі В. Рагуля быў смяротна паранены. Пахаваны ў г. Баранавічы.


Камера Іван Паўлавіч (1897–1952)

Камера Іван Паўлавіч (1897–1952) – генерал-палкоўнік артылерыі. Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Жухавічы Навагрудскага ўезда (цяпер Карэліцкі раён). У 1918 г. уступіў у Чырвоную Армію, ваяваў супраць А. Калчака. Служыў на Далёкім Усходзе, з 1940 г. быў начальнікам артылерыі Каўказскай вайсковай акругі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны кіраваў артылерыяй 19-й арміі, трапіў у акружэнне, кіраваў артылерыяй у аператыўнай групе К. Ракасоўскага. У 1941–1944 гг. камандуючы артылерыяй Заходняга фронта.


Лапацін Антон Іванавіч (1897–1965)

Лапацін Антон Іванавіч (1897–1965) – генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Каменка Беластоцкага ўезда. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Падчас грамадзянскай вайны быў камандзірам эскадрона 1-й Коннай арміі. Некалькі разоў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У міжваенныя гады камандзір кавалерыйскага палка, дывізіі. У 1941–1942 гг. камандаваў стралковым корпусам, пазней арміяй. Удзельнік абароны Сталінграда, адзін з кіраўнікоў штурма Кёнігсберга.

Падчас парада Перамогі кіраваў зводным палком 1-га Прыбалтыйскага фронта. Удзельнік савецка-японскай вайны.


Вашкевіч Аляксандр Аляксандравіч (1901–1945)

Вашкевіч Аляксандр Аляксандравіч (1901–1945) – Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр, брыгадны генерал Войска Польскага. Паходзіў з мястэчка Белавежа Гродзенскай губерні. У 1919 г. прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковым палком. За паспяховае фарсіраванне Дняпра ў кастрычніку 1943 г. атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Летам 1944 г. прызначаны камандзірам 5-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. У красавіку 1945 г. падчас контратакі нямецкіх войск штаб дывізіі быў акружаны. А. Вашкевіч быў цяжка паранены і ўзяты ў палон фашыстамі. На наступны дзень закатаваны ворагам. Пахаваны ў Варшаве.


Паўлоўскі Мікалай Восіпавіч (1903–1960)

Паўлоўскі Мікалай Восіпавіч (1903–1960) – генерал-палкоўнік. Нарадзіўся ў Гродне. Вучыўся ў рэальным вучылішчы, у 1919 г. уступіў у Чырвоную Армію.

У міжваенныя гады камандзір батальёна у вайсковых навучальных установах. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў штабы ўмацаваных раёнаў на Каўказе, удзельнічаў у абароне Каўказа.

 

У 1944–1945 гг. начальнік штаба 18-й арміі, начальнік аператыўнага ўпраўлення штаба 1-га і 2-га Украінскіх франтоў. Удзельнік савецка-японскай вайны. У нашым музеі захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы генерал-палкоўніка Паўлоўскага, а таксама яго ўзнагароды. Комплекс узнагарод М.В. Паўлоўскага – самы каштоўны ў фондах нашага музея.


Антонаў Аляксей Інакенцьевіч (1896–1962)

Антонаў Аляксей Інакенцьевіч (1896–1962) – генерал. Нарадзіўся ў Гродне. Удзельнік Першай сусветнай вайны, быў паранены, узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4-й ступені. У гады грамадзянскай вайны начальнік штаба дывізіі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны праславіўся як таленавіты штабны афіцэр.

Прымаў удзел у распрацоўцы ўсіх значных аперацый савецкіх войск у Вялікай Айчыннай вайне. Член Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, начальнік Генеральнага штаба. Адзіны з усіх савецкіх военачальнікаў, узнагароджаны ў званні генерала арміі ордэнам “Перамога”. У Гродне ёсць вуліца А. Антонава.