З 13 верасня ў Сенатарскай зале Новага замка працуе выстаўка “80 мірных гадоў”, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці і Дню народнага адзінства.
Гродзенская вобласць была ўтворана з частак Беластоцкай, Брэсцкай і Баранавіцкай абласцей 20 верасня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. У склад Гродзенскай вобласці ўвайшлі 15 раёнаў з 3 гарадамі і 13 гарадскімі пасёлкамі. У 1953 г. у связі з рэарганізацыяй народнай гаспадаркі адбылося першае ўзбуйненне абласцей БССР. Пасля некалькіх тэрытарыяльна-адміністрацыйных змен і далучэнняў у 1954 і 1960 гадах Гродзенская вобласць аб’яднала 17 раёнаў з 10 гарадамі, 22 пасёлкамі і 205 сельскімі саветамі. У канцы 1960-х гадоў на тэрыторыі Гродзеншчыны пражывала 1,2 млн. чалавек.
У 1944 годзе, на момант утварэння вобласці, яе эканоміка была практычна разбурана Другой сусветнай вайной. На выстаўцы прадстаўлены альбом камісіі па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку шкоды па Гродзенскай вобласці з унікальнымі фотаздымкамі разбураных населеных пунктаў. Толькі ў Гродне агульныя страты, нанесеныя гарадской гаспадарцы, перавысілі 250 млн. рублёў. Першым старшынёй Гродзенскага аблвыканкама быў прызначаны П.І.Ратайка, які займаў гэтую пасаду да 1948 г.
У першую чаргу аднаўляліся чыгунка, масты, прамысловыя прадпрыемствы, камунальная гаспадарка. Адным з першых пачаў працаваць Ваўкавыскі цэментны завод “Перамога”. Затым пачалі працаваць шклозаводы, тытунёвая фабрыка, гарбарны завод, абутковыя фабрыкі, хлебазаводы. Для хутчэйшага аднаўлення народнай гаспадаркі выпускаліся аблігацыі дзяржаўнай пазыкі, актыўна прапагандавалася сацыялістычнае спаборніцтва, стаханаўскі рух.
У другой палове 1960-х гадоў на Гродзеншчыне працавалі ўжо 218 прадпрыемстваў. 16 жніўня 1967 г. за актыўны ўдзел у партызанскім руху і гераізм, праяўлены працоўнымі вобласці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, за поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Гродзенская вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна.
На выстаўцы экспануецца прадукцыя шэрагу прадпрыемстваў Гродзеншчыны: узоры абутку 1950 – 1970-х гадоў Гродзенскай і Лідскай абутковых фабрык. Шырока прадстаўлены асартымент прадукцыі тытунёвай фабрыкі, піўзаводаў, Лідскага камбіната харчовых канцэнтратаў і малочна-кансервавага завода.
У вобласці ў пасляваенны час атрымалі развіццё новыя галіны прамысловасці: хімічная (“Гродна Азот”, “Хімвалакно”, Лідская “Лакафарба”), машынабудаўнічая (“Белкард”, “Аўтаагрэгат”, “Радыёхваля”, “Лідсельмаш”, “Оптык”). Прадстаўлены мастацкія работы 1940 – 1960-х гадоў, якія адлюстроўваюць жыццё Гродзеншчыны ў пасляваенны час. У вітрынах – вырабы шклозавода “Нёман”, які ў 1957 годзе ўдзельнічаў на Міжнароднай выстаўцы ў Бруселі і быў узнагароджаны бронзавым медалём.
Сучасная Гродзеншчына – адзін з рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, які інтэнсіўна развіваецца. Гродна з’яўляецца не толькі буйным прамысловым горадам, але і адным з вядучых культурных цэнтраў Беларусі, які мае ўнікальнае архітэктурнае аблічча. Экспанаты на выстаўцы “80 мірных гадоў” – з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.