Выстаўка «Мае думкі часта лятуць у Гродна…» у музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
29 Верасень

«Думаю: Гродна…

Бачу дзедаў парог.

І чую тупат сваіх дзіцячых ног…

Думаю: Гродна…

Адчуваю павеў маладосьці.

Ці не паехаць мне

У гэтае старое Гродна

у госьці?..»

З.Верас «Старое Гродна»

30 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, мемуарысткі, грамадскай дзяячкі Зоські Верас, сапр.: Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (1892 – 1991). З гэтай нагоды ў музеі Максіма Багдановіча з 28 верасня працуе выстаўка «Мае думкі часта лятуць у Гродна…».

На выстаўцы «Мае думкі часта лятуць у Гродна…» экспануецца каштоўны фотаздымак, зроблены ў 1897 г. у Гродне ў фотамайстэрні І.І.Садоўскага-Л.Казлоўскага, на якім Людвіка Сівіцкая ў пяцігадовым ўзросце. Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены: рукапісы ўспамінаў З.Верас «Старое Гродна» і «Нёмну…» (1982); самаробны альбомам «Горадзенскі гурток беларускай моладзі» (1980-я); нумары часопіса «Заранка» (1927-1929 гг.), у адным з іх надрукавана апавяданне «Папера» пад псеўданімам Л.Войцікава (З.Верас), у другім – «Мушка зелянушка і камарык – насаты тварык» М.Багдановіча; факсімільнае выданне «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924); кніга вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (1985); экслібрыс З.Верас (з надпісам аўтара Вячкі Целеша), фотаздымкі пачатку 1980-х гадоў, на якіх знакамітая мемуарыстка сфатаграфавана ў садзе свайго дома ў Вільні, у тым ліку сярод вядомых асобаў.