У Музеі Максіма Багдановіча з 25 верасня працуе выстаўка “Мы ўсе жывем пад зоркамі матуль…”, прымеркаваная да Дня маці.
14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Вобраз маці – адзін з самых шматгранных у літаратуры. Ён можа быць рэалістычным, ідэалізаваным, трагічным. Безумоўна, гэты вобраз адлюстроўвае аўтарскае бачанне свету, яго філасофскія погляды. Так, творы Францішка Багушэвіча (1840–1900), аднаго з ключавых прадстаўнікоў беларускай літаратуры XIX стагоддзя, прасякнутыя глыбокай любоўю і павагай да матчынага вобразу.
Вобраз маці ў творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891–1917) – адзін з самых глыбокіх і кранальных. Гэты вобраз стаў сімвалам чысціні, пяшчоты, прыгажосці і духоўнасці.
Беларускае грамадства заўсёды высока цаніла сямейныя повязі і матчыну любоў. Гэта пакінула свой адбітак і на паэтычнай спадчыне Зоські Верас (Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік, 1892–1991) – паэтэсы, мемуарысткі, рэдактара дзіцячых часопісаў “Заранка”, “Пралескі”.
Узгадвае ў сваіх творах цяжкі матчын лёс і яе любоў да жыцця і празаік, паэтэса, педагог Лідзія Ялоўчык (1911–1999).
Першы паэтычны зборнік Уладзіміра Караткевіча (1930–1984), класіка беларускай літаратуры, носіць назву “Матчына душа” (1958). У сваіх вершах У. Караткевіч спрабуе, як ён пісаў, “пераліць на свае аркушы казку мудрую, простую песню, кветку матчынай чыстай душы”.
Адзін з найвыдатнейшых беларускіх паэтаў XX стагоддзя, у творчасці якога вобраз маці стаў манументальным – Рыгор Барадулін (1935–2014). Зборнік малітоўнай паэзіі “Ксты” (2005) – пацверджанне таму, што гэты вобраз прайшоў праз усю паэзію Барадуліна, стаўшы сімвалам любові, дабраты, мудрасці і роднай зямлі.
Вобраз маці дапамагае Ніне Мацяш (1943–2008), беларускай паэтэссе і перакладчыцы, перадаць глыбокія пачуцці, такія як любоў, страту, настальгію. У творчасці Ніны Іосіфаўны маці выступае як захавальніца сямейных і народных традыцый.
На выстаўцы прадстаўлены кнігі:
- ▪️ “Матчына душа” (1958) У. Караткевіча,
- ▪️ “Творы” (1967) Ф. Багушэвіча,
- ▪️ “Каласкі” (1985) З. Верас,
- ▪️ “Паміж усмешкай і слязой” (1993) Н. Мацяш,
- ▪️ “Ксты” (2006) Р. Барадуліна.
Цікавасць уяўляюць шкатулка Лідзіі Ялоўчык (1970–1980-я), пацеркі з бісеру Ніны Мацяш (1990-я), а таксама фотаздымкі мацярэй пісьменнікаў: Ф. Багушэвіча (копія, 1980), З. Верас (1891), Л. Ялоўчык (1930-я) і Н. Мацяш (1950-я).
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 20 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.