З 10 жніўня 2024 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы дзейнічае выстаўка “Незвычайная паштоўка”, якая створана на аснове прыватнага збору гродзенскага філакартыста Ларысы Іванаўны Ліс. Тэматыка сабраных ёю паштовак разнастайная: мастацкія, краявідныя, юбілейныя, музычныя, этнаграфічныя, дзіцячыя, святочна-віншавальныя і інш.
Шырокую разнастайнасць сюжэтаў, адметныя асаблівасці мастацкага афармлення паштовак дэманструюць прадстаўленыя ў экспазіцыі выстаўкі паштоўкі кан. ХІХ – пач. ХХІ стст., выдадзеныя ў Германіі, Францыі, Бельгіі, Іспаніі, ЗША, Японіі, Даніі, Чэхіі, Польшчы, Расіі. На выстаўцы экспануюцца незвычайныя паштоўкі, выкананыя з дрэва, керамікі, металу, тканіны, пластыку, а таксама паштоўкі, дэкарыраваныя аплікацыямі з саломы, шоўку, аксаміту, стужак, бісеру, лямцу, засушаных раслін і інш.