Выстаўка “У адзінай сям’і”

Вярнуцца да падзей
14 Верасень

З 12 верасня ў нашым музеі працуе выстаўка “У адзінай сям’і”, прымеркаваная да Дня народнага адзінства. Выстаўка прысвечана гераічнай працы жыхароў пасляваеннага Гродна, іх стваральнай працы, якая дазволіла падняць з руін не толькі наш горад, але і ўсю беларускую рэспубліку.

17 верасня – знакавая дата ў гісторыі беларускага народа. У верасні 1939 г. войскі Чырвонай арміі ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Гродзеншчына пасля правядзення Народнага сходу ў Беластоку была ўключана ў склад БССР. Тэрыторыя Беларускай ССР значна павялічылася за кошт новых абласцей. Менавіта тады была адноўлена цэласнасць нашай краіны і нашага народа. Раз’яднаны межамі беларускі народ апынуўся ў адзінай сям’і.

У канцы 1940 г. у Гродне дзейнічалі ўжо 33 прамысловыя прадпрыемствы: 2 тытунёвыя фабрыкі, фанерны завод, 3 лесазаводы, шклозавод, хлебакамбінат, 2 гарбарныя заводы, цагляна-кафляны завод, велазавод, абутковая фабрыка, піўзавод, мясакамбінат і інш. Аб’ём прамысловай прадукцыі перавысіў узровень 1938 г. больш чым у два разы. Амаль усё гэта было разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гродна, вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў 16 ліпеня 1944 г., уяўляў сабою самотнае відовішча. Гітлераўцы пры адступленні ўзарвалі і спалілі амаль усе прамысловыя прадпрыемствы, культурныя і грамадскія будынкі. Былі поўнасцю разбураны ці спалены тытунёвая фабрыка, хлебакамбінат, электрастанцыя, воданасосная станцыя, лесафанерны завод, паравознае дэпо, паштамт, вакзал. Ляжала ў руінах каля 25 % жылога фонду горада, многія школы і бальніцы былі знішчаны. Паводле ацэнкі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, за гады акупацыі і пры адступленні фашыстаў горад быў разбураны на 43 %, загінула і было забіта каля 33 тысяч жыхароў. Камісія падлічыла, што страты, нанесеныя гарадской гаспадарцы, перавысілі 250 млн. рублёў.