З 14 снежня 2019 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы працуе выстаўка “Залатое чарадзейства”

Вярнуцца да падзей
15 снежань

Саломапляценне – разнавіднасць пляцення, від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На Беларусі існавала ў форме хатняга промыслу, задавальняючы патрэбы сялянскай сям’і.

Выстаўка дэманструе плеценае саламянае начынне: казуб, шыян, шкатулку, гарнец, сыпанку, сявеньку, века, што шырока ўжывалася ў побыце сялян на Гродзеншчыне ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Яно выраблена ў тэхніцы спіральнага пляцення: скручаныя саламяныя жгуты ўкладзены па спіралі ў авальную ці цыліндрычную форму і замацаваны лазой.

Увагу прыцягвае падвясная саламяная канструкцыя “павука”. Раней у сялянскіх хатах павукоў вывешвалі напярэдадні Калядаў у самым пачэсным месцы – чырвоным куце. Павук аберагаў жыллё, убіраў у “павуціну” сваёй канструкцыі ўсё негатыўнае, што магло перашкодзіць шчасліваму жыццю гаспадароў. На Каляды рабілі саламяную фігурку ў выглядзе казы, якая сімвалізавала сабой культ урадлівасці і пладавітасці. На выстаўцы прадстаўлены выраб “Козлік” майстрыхі Л.Лось. Вобразы разнастайных жывёл і птушак дэманструюць майстры Л.Блохава, А.Лось, Н.Емяльянчык.

Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, кампазіцыйнай і дэкаратыўнай выразнасцю, самабытнасцю вызначаюцца творы сучаснага мастацкага саломапляцення майстроў: Л.Главацкай, Н.Таранка, А.Лось, Т.Блудавай, К.Валабуевай, М.Ярэмчык, Р.Сяліцкай, А.Грэсь, А.Нікіціна, А.Лобур.

Захапленне выклікае скульптура “Конік залацісты”, выкананая  ў тэхніцы аб’ёмнага пляцення з саломы мінскай майстрыхай Лідзіяй Главацкай. Высокі прафесіяналізм і багацце тэхнічных прыёмаў вылучаюць прадстаўлены твор.

Выстаўка працуе штодзённа з 10.00 да 18.00 па адрасе: вул. Ажэшкі, 37

Тэматычная экскурсія для ўсіх катэгорый наведвальнікаў (група 25 чалавек) – 6.00 руб.

Уваходныя білеты для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 30 кап.

Тэлефон для даведак 62 – 09 –  93