У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава французскага выяўленчага мастацтва

Вярнуцца да навін
2 Лістапад

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі да 15 студзеня экспануецца выстава “Нашы калекцыі. Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”.

Выстава “Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” прадаўжае цыкл тэматычных экспазіцый, якія прадстаўляюць выяўленчае мастацтва асобных еўрапейскіх мастацкіх школ на прыкладзе твораў з калекцыі музея. На выставе будзе прадстаўлена больш за 160 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Частка твораў, прадстаўленых на выставе, экспануецца ўпершыню.

Збор французскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ўключае ў сябе мноства жывапісных і графічных твораў, на прыкладзе якіх можна паслядоўна і паўнацэнна прадэманстраваць развіццё выяўленчага мастацтва Францыі і яго ўплыў на іншыя еўрапейскія школы. У калекцыі музея захоўваецца шэраг сапраўдных шэдэўраў, створаных вялікімі майстрамі французскай школы, сярод якіх Жан Франсуа дэ Труа (1674-1752), Алексіс Грыму (1678-1733), Клод-Жазэф Вернэ (1714-1789), Гюбер Рабер (1733-1808), Жан-Батыст Рэньё (1754-1829), Мары Луіза Элізабэт Віжэ-Лебрэн (1755-1842), Франсуа Жэрар (1770-1837). Не менш важнымі з’яўляюцца збор французскай гравюры і калекцыя французскай кніжнай ілюстрацыі канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя.

Творы даюць магчымасць азнаёміцца з французскай мастацкай школай, якая з’яўляецца адной з галоўных у свеце, прасачыць развіццё і эвалюцыю мастацтва гэтай краіны на працягу XVII – пачатку XX стагоддзя.