Выставу “Сігізмунд Антонавіч Юркоўскі. Аб’ектыў эпохі” прадставяць у выставачным комплексе Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І.Азгура. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі XIX стагоддзя. Выстава падрыхтавана сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў. Яна будзе працаваць да 1 снежня.
Сігізмунд Антонавіч Юркоўскі – фатограф-вынаходнік, член фатаграфічнага аддзела Рускага тэхнічнага таварыства. У 1850 годзе скончыў гімназію ў Магілёве, затым ліцэй князя Безбародкі ў Нежыне. Вучыўся ў імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі, але поўны курс навук не скончыў. З 1857 года на працягу 11 гадоў працаваў чыноўнікам у розных ведамствах Магілёўскай губерні. У 1866 годзе пакінуў службу чыноўніка і пераехаў у Віцебск, дзе адразу ж адкрыў уласную фатаграфічную ўстанову. Сярод кліентаў фатографа былі асобы, вядомыя не толькі ў горадзе, але і далёка за яго межамі. Фатаграфічную ўстанову майстра наведвалі гарадскі архітэктар Ціхан Кібардзін з сям’ёй, епіскап Полацкі і Віцебскі Антанін (Дзяржавін), мастак Ілья Рэпін.
Юркоўскі паспрабаваў свае сілы ў розных відах і жанрах фатаграфіі, а таксама працаваў над удасканаленнем фотатэхнікі і фатаграфічнага працэсу. У 1882 годзе на Усерасійскім з’ездзе па фатаграфіі ў Маскве ён прадэманстраваў “імгненны затвор”, які “заслужыў адабрэнне”.
З пачатку 1870-х гадоў Юркоўскі займаўся стэрэафатаграфіяй, а ў 1894-м сканструяваў стэрэаскоп, які выкарыстоўваў у сваёй рабоце. Ён адным з першых адлюстраваў новыя аб’екты, што з’явіліся на карце Віцебска: чыгуначны вакзал, акруговы суд, мужчынскую Аляксандраўскую гімназію, жаночую Марыінскую гімназію, дом губернатара.
За свае фатаграфічныя работы Юркоўскі неаднаразова быў удастоены ўзнагарод. Першую з іх – бронзавы медаль – ён атрымаў у 1891 годзе на фатаграфічнай выставе ў Санкт-Пецярбургу за “ў момант знятыя партрэты”. Удзел у 5-й фатаграфічнай выставе Імператарскага рускага тэхнічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу ў 1898 годзе прынёс Юркоўскаму бронзавы медаль за стэрэаскапічныя здымкі.